Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць адвакатаў у Беларусі за чатыры гады зьменшылася на чвэрць


Партрэты беларускіх адвакатаў, у якіх забралі ліцэнзіі ўлады Беларусі
Партрэты беларускіх адвакатаў, у якіх забралі ліцэнзіі ўлады Беларусі

У Беларусі засталося 1,6 тысячы адвакатаў-практыкаў, сьведчаць дадзеныя міжнароднай абсэрваторыі «Юрысты ў небясьпецы» (OIAD), распаўсюджаныя Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ).

У справаздачы адзначаюць, што ў 2021 годзе ў краіне практыкавалі 2,2 тысячы адвакатаў. Такім чынам, за чатыры гады іх колькасьць скарацілася на 27,3%. Больш як на чвэрць.

Паводле зьвестак абсэрваторыі, у 2020–2024 гадах сама меней 11 беларускім адвакатам выставілі абвінавачаньні ў рамках крымінальных спраў, 6 адвакатаў знаходзяцца за кратамі, 4 «зазналі катаваньні падчас затрыманьня», ня менш як 139 пазбавілі права на прафэсію.

БААПЧ паведамляе, што 20–25 студзеня ў розных гарадах ЗША, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі і іншых краін праходзяць акцыі ў падтрымку беларускіх адвакатаў. Мерапрыемствы праводзяць, каб распаўсюдзіць інфармацыю пра «рэпрэсіі ў дачыненьні беларускіх адвакатаў, арышты, катаваньні, запалохваньні, публічную дыскрэдытацыю, перашкоду з боку дзяржавы ў выкананьні адвакацкай дзейнасьці, асабліва ў палітычна матываваных справах, пра поўны дзяржаўны кантроль над прафэсіяй юрыста і адсутнасьць незалежнай судовай улады».

«Дзяржава прымушае маўчаць адвакатаў унутры краіны, што толькі падкрэслівае выключную важнасьць пастаяннай міжнароднай падтрымкі і салідарнасьці», — адзначае БААПЧ.

Летась OIAD паведаміла, што ў Міжнародны дзень юрыстаў у небясьпецы 24 студзеня 2025 году фокус будзе на сытуацыі ў Беларусі.

У 2025 годзе Міжнародны дзень адвакатаў у небясьпецы падкрэсьлівае цяжкае становішча беларускіх адвакатаў, якія з 1994 году працуюць у краіне, якая знаходзіцца ва ўладзе аўтарытарнага рэжыму на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Палітыка-прававая база Беларусі характарызуецца жорсткімі рэпрэсіямі супраць палітычных апанэнтаў, журналістаў і юрыстаў, асабліва праваабаронцаў.

Кампанія адзначае, што шэраг адвакатаў цяпер за кратамі, многія выгнаныя за мяжу, а незалежныя асацыяцыі адвакатаў распушчаныя ўладамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG