Свае першыя ўказы Трамп падпісаў на стадыёне Capital One Arena, дзе сабраліся тысячы ягоных прыхільнікаў, каб адсьвяткаваць інаўгурацыйны парад.
Для пачатку новы прэзыдэнт адмяніў 78 рашэньняў свайго папярэдніка Джо Байдэна. Адным зь іх стаў указ, які звужаў прыярытэты дэпартацыі да людзей, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, нясуць пагрозу нацыянальнай бясьпецы або затрыманых на мяжы. Гэта вяртае палітыку, якая дзейнічала ў першы тэрмін Трамп, паводле якой усе, хто знаходзіцца ў ЗША нелегальна, становяцца прыярытэтнымі для дэпартацыі, адзначае «Голас Амэрыкі».
Таксама Трамп падпісаў указы аб выхадзе ЗША з Парыскай кліматычнай дамовы і аб перадухіленьні «дзяржаўнай цэнзуры». Пасьля гэтага ён кінуў у натоўп маркеры, якімі падпісваў дакумэнты.
Пасьля некалькіх гадзін сьвяткаваньня прэзыдэнт Дональд Трамп упершыню з 2021 году ўвайшоў у Авальны кабінэт Белага дома. Там ён падпісаў цэлую сэрыю ўказаў. Сярод іх – памілаваньне амаль 1500 чалавек, абвінавачаных ва ўдзеле ў беспарадках 6 студзеня 2021 году ў Капітоліі.
«Гэтыя людзі – закладнікі», – заявіў Трамп.
Таксама новы прэзыдэнт ЗША падпісаў указ аб часовым прыпыненьні ўсіх праграм дапамогі ЗША іншым краінам, уключаючы Ўкраіну, на 90 дзён. Будзе праведзеная праверка для вызначэньня таго, ці адпавядае наданьне дапамогі палітычным мэтам новай адміністрацыі.
«Ніякая далейшая замежная дапамога Злучаных Штатаў ня будзе аказвацца такім чынам, каб гэта не адпавядала ў поўнай меры замежнай палітыцы прэзыдэнта Злучаных Штатаў», – падкрэсьліў Трамп.
Акрамя таго, Трамп распарадзіўся:
- выйсьці з Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) за памылкі пры рэагаваньні на пандэмію COVID-19;
- аднавіць сьмяротнае пакараньне на фэдэральным узроўні;
- адкласьці ўступленьне ў сілу забароны TikTok на 75 дзён;
- перайменаваць Мэксыканскую затоку ў Амэрыканскую.
Форум