Згодна з матэрыяламі справы, малады чалавек стаяў на ўліку ў вайсковым камісарыяце. У 2023 годзе ён атрымаў усе апавяшчэньні аб праходжаньні тэрміновай службы, прайшоў мэдыцынскі агляд і быў прызнаны прыдатным да службы ў войску. Пасьля атрыманьня позвы хлопец не зьявіўся ў камісарыят і не падаў ніякіх апраўдальных дакумэнтаў, піша «Гродно Плюс».
У 2023 годзе на яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 435 КК за «ўхіленьне ад мерапрыемстваў прызыву». Далей крымінальную справу прыпынілі ў сувязі з вышукам грамадзяніна. У 2024 годзе ён вярнуўся на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, расказаў прадстаўнік камісарыяту Аляксандар Раманенка.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прысудзіў 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
«Агулам па выніках мінулай прызыўной кампаніі 26 жыхароў гораду Горадні, атрымаўшы позву пад асабісты росьпіс, не прыбылі на мерапрыемствы прызыву. І тым самым парушылі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У адносінах гэтых грамадзян накіраваныя адпаведныя матэрыялы ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў для правядзеньня праверкі і дачы працэсуальнай ацэнкі. На сёньня ў дачыненьні 18 чалавек завялі крымінальныя справы», — падсумаваў Раманенка.
За два тыдні новага 2025 году на беларускай мяжы пры вяртаньні ў краіну ўжо затрымалі мінімум восем чалавек. Пад асаблівы надгляд на мяжы трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краінаў, большасьць зь якіх — украінцы.
Падставай для допыту ці затрыманьня могуць стаць падпіскі на незалежныя СМІ, схаваныя фота з пратэстаў у тэлефоне або сацыяльных сетках, нацыянальная сымболіка і нават штампы ў пашпарце аб наведваньні Ўкраіны. Калі чалавек знаходзіцца ў базе «БЕСпорядки», куды ўносяцца зьвесткі ўсіх затрыманых пасьля пачатку пратэстаў у 2020 годзе, то відавочных падставаў можа і ня быць.
Форум