Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаганда паказала былога журналіста Свабоды палітвязьня Ігара Карнея, якога двойчы асудзілі


Ігар Карней, архіўнае фота
Ігар Карней, архіўнае фота

Увечары 16 студзеня на дзяржаўным беларускім тэлеканале АНТ паказалі трэцюю частку прапагандысцкага фільма пад назвай «Свабода слова» пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь».

У 20-хвілінным роліку паказалі былога журналіста Свабоды Ігара Карнея, якога затрымалі 17 ліпеня 2023 году і асудзілі на 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

У сюжэце паказалі, як Ігара Карнея прывялі на «гутарку» ў кайданках, якія пасьля зьнялі зь ягоных рук, паставіўшы тварам да сьцяны. На відэа Ігар выглядае схуднелым і зьнясіленым, моцна згорбленым. Падчас здымак ён быў у чорнай турэмнай куртцы і вязанай шапцы.

Гутарыць зь ім прапагандыст Андрэй Аляксандраў (Козел), вядомы тым, што разам зь сілавікамі езьдзіць на палітычныя затрыманьні апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Пытаньні Ігару Карнею задавалі ў тым жа дворыку СІЗА КДБ, дзе раней здымалі і Андрэя Кузьнечыка і Ігара Лосіка. На зямлі відаць сьнег, вакол краты і турэмныя сьцены. З рота ў Ігара Карнея ідзе пара, што сьведчыць пра нізкую тэмпэратуру.

Радыё Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньняў, невядома якім чынам атрыманых ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.

Пасьля размовы паказалі, як Ігару зноў надзелі кайданкі на рукі і павялі па турэмным дворыку, паўкруглым калідоры «амэрыканкі» і ўздоўж сьцяны СІЗА, якое знаходзіцца ў двары КДБ у Менску.

У канцы відэа зьявіўся анонс наступнай сэрыі фільму прапагандыстаў з былым апазыцыйным актывістам, адвакатам Юрасём Зянковічам, фігурантам так званай «справы змоўнікаў», які мае беларускае і амэрыканскае грамадзянства. Зянковіча здымалі ў цывільнай вопратцы ў пазатурэмным антуражы.

14 студзеня ў першай сэрыі прапагандысцкага праекту «Свабода слова» тэлеканал АНТ паказаў зьняволенага ўжо тры гады журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка. 15 студзеня паказалі журналіста Свабоды Ігара Лосіка, які адбывае пакараньне чатыры з паловай года.

Перасьлед Ігара Карнея

Журналіст, былы карэспандэнт Радыё Свабода Ігар Карней быў затрыманы ў Менску 17 ліпеня 2023году.

22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў.

Вярхоўны суд пакінуў прысуд журналісту бяз зьмены.

У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.

13 сьнежня Ігара Карнея пакаралі яшчэ 10 месяцамі зьняволеньня. Новы суд адбыўся ў Шклове. Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

Перасьлед Ігара Лосіка

Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.

14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.

18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.

Пасьля прысуду Ігара Лосіка ўтрымліваюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, неаднаразова яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг з боку адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.

Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.

Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманьнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы яго за краты.

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

25 лістапада 2021 году журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку яму двойчы прысудзілі па 10 сутак арышту нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачаньня толькі праз паўгода пасьля затрыманьня.

8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузьнечык не прызнаў. За дзень да затрыманьня ён напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.

У верасьні 2022 году МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». Праваабаронцы прызналі яго палітзьняволеным.

Перасьлед Радыё Свабода

  • У жніўні 2020 году ўлады Беларусі заблякавалі доступ да сайта Радыё Свабода і яшчэ больш як да 40 выданьняў на тэрыторыі краіны. Журналістаў Беларускай службы Радыё Свабода пазбавілі акрэдытацый.
  • У ліпені 2021 году сілавікі ўварваліся ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе, сканфіскавалі тэхніку.
  • 3 сьнежня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і на відэагостынгу YouTube экстрэмісцкімі матэрыяламі.
  • 23 сьнежня 2021 году МУС Беларусі прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», экстрэмісцкім фармаваньнем, фактычна крыміналізаваўшы дзейнасьць мэдыяарганізацыі, яе журналістаў і аўдыторыі.
  • Згодна зь міжнароднай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў», у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь за год апусьцілася на 10 пазыцый і цяпер займае 167-ы радок сярод 180 краінаў сьвету.
  • Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 42 прадстаўнікі незалежных мэдыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG