Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Босьніі і Герцагавіне сямі ваярам-харватам выставілі абвінавачаньні ў ваенных злачынствах у 1990-я


Герб і сьцяг Босьніі і Герцагавіны
Герб і сьцяг Босьніі і Герцагавіны

Суд Босьніі і Герцагавіны пацьвердзіў абвінаваўчы акт супраць сямі былых ваяроў Харвацкай рады абароны (HVO) і адміністрацыі паліцыі ў злачынствах супраць басьнійскіх мірных жыхароў у Жэпчы, што ў цэнтральнай частцы краіны. Гэта адбылося ў гады вайны ў 1990-я.

Фігуранты справы «Лука Бэбіч і іншыя» абвінавачваюцца ў жорсткім абыходжаньні з цывільнымі асобамі, якія былі зьняволеныя ў імправізаваных турмах у школах «Радэ Кондзіч» і Перкавічы, а таксама ва ўстановах «Сілас» і «Штала» на Новым рынку ў Жэпчы, піша Балканская служба Радыё Свабода.

Гаворка ідзе пра пэрыяд з 24 чэрвеня 1993 да канца сакавіка 1994 году, калі адбываўся канфлікт паміж HVO (часткай войска басьнійскіх харватаў) і Арміяй Рэспублікі Босьніі і Герцагавіны. Абвінавачаньні пацьвердзіла 15 студзеня пракуратура Босьніі і Герцагавіны.

У абвінаваўчым заключэньні — былыя супрацоўнікі вайсковай паліцыі HVO Лука Бабіч, Алойз Врбіч, Марынка Марціч, Франьё Ёзіч, Віктар Марканавіч, Слаўка Спаіч, а таксама Іва Мрконьіч, былы начальнік аддзелу паліцыі Жэпчы. Іх вінавацяць у псыхічным і фізычным гвалце і бесчалавечным абыходжаньні са зьняволенымі мірнымі жыхарамі, а абвінавачанага Марціча — у згвалтаваньні басьнійскай жанчыны.

Як камандзір ваеннага часу Бабіч абвінавачваецца ў тым, што не перашкаджаў членам 3-й роты 4-га батальёну ваеннай паліцыі «Вітэз» і членам 111-й брыгады HVO бесчалавечна абыходзіцца зь мірнымі жыхарамі.

Паводле абвінавачаньня, ён нават не перашкаджаў вывозіць іх на прымусовыя работы на перадавую, пасьля чаго забітых і параненых было яшчэ больш.

Згодна з Дэйтанскім мірным пагадненьнем, якое паклала канец вайне 1992–1995 гадоў, Босьнія была падзеленая на дзьве аўтаномныя вобласьці — Рэспубліку Сэрбскую і Фэдэрацыю, дзе кіруюць харваты і башнякі. Складовыя часткі злучаныя слабым нацыянальным урадам.

На пачатку той вайны сэрбы і харваты паасобку ваявалі супраць башнякоў, каб не дапусьціць стварэньня тымі ўнітарнай дзяржавы з мусульманскім кіраўніцтвам. Затым харвацкія сілы аб’ядналіся з башняцкімі і пачалі ваяваць разам супраць войска басьнійскіх сэрбаў. Усе бакі вайны дапускалі ваенныя злачынствы адносна цывільнага насельніцтва іншай веры і нацыянальнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG