Вярхоўны суд ЗША разглядае пытаньне аб уступленьні ў сілу закону, паводле якога кітайская кампанія ByteDance павінна згарнуць дзейнасьць TikTok у краіне да 19 студзеня. Пасьля гэтай даты іншых пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг будуць штрафаваць за падтрымку працы названай сацыяльнай сеткі ў ЗША.
Крыніцы выданьня Bloomberg сьцьвярджаюць, што ўлады Кітая хочуць пакінуць TikTok ва ўласнасьці ByteDance: кампанія спрабуе захаваць гэты статус з дапамогай судовых пазоваў. Аднак падчас спрэчак аб будучыні TikTok у ЗША судзьдзі, якія разглядаюць пытаньне, далі зразумець, што маюць намер падтрымаць новы закон.
Паводле выданьня, Пэкін разглядае розныя сцэнары супрацоўніцтва з новай амэрыканскай адміністрацыяй, якую ўжо 20 студзеня ўзначаліць Трамп. Сярод іншага абмяркоўваецца і варыянт, паводле якога прыналежную ягонаму паплечніку Ілану Маску сацсетку X возьме пад кантроль амэрыканскі падразьдзел TikTok.
У той жа час у самой ByteDance ў камэнтары CNBC назвалі паведамленьні аб магчымым продажы сацсеткі Маску «чыстай выдумкай».
Па ацэнках Bloomberg, аўдыторыя TikTok у ЗША складае 170 млн чалавек, а кошт амэрыканскага падразьдзелу сацсеткі можа дасягаць 40-50 млрд даляраў.
Яшчэ ў красавіку 2024 году Кангрэс ЗША прыняў закон, які абавязвае кітайскага ўладальніка TikTok, ByteDance, прадаць плятформу амэрыканскай кампаніі. Іначай цяперашнія ўладальнікі сутыкнуцца з забаронай сацсеткі на тэрыторыі ЗША з 19 студзеня 2025 году. Кампанія заявіла, што ня будзе прадаваць плятформу.
Раней у Амэрыцы праводзілі некалькі расьсьледаваньняў дзейнасьці TikTok у краіне і заяўлялі, што сетка зьбірала зьвесткі пра амэрыканцаў і намагалася ўплываць на грамадзкую думку дзякуючы сваім альгарытмам.
У сьнежні Апэляцыйны суд ЗША, які складаецца з трох судзьдзяў, падтрымаў закон, заявіўшы, што гэтая мера была апраўданая як «частка шырэйшых намаганьняў у супрацьдзеяньні абгрунтаванай пагрозе нацыянальнай бясьпецы», якая ідзе ад Пэкіну.
Адвакаты, якія прадстаўляюць TikTok і стваральнікаў ягонага зьмесьціва, заявілі ў Вярхоўным судзе ЗША, што забарона плятформы будзе «парушэньнем свабоды слова» для больш як 170 мільёнаў карыстальнікаў TikTok у ЗША.
У TikTok неаднаразова адмаўлялі, што кітайская Кампартыя выкарыстоўвае кампанію для распаўсюду свайго ўплыву, і заяўлялі, што прыняты ў ЗША закон парушае правы карыстальнікаў на свабоду слова ў адпаведнасьці зь Першай папраўкай да амэрыканскай Канстытуцыі.
Яшчэ ў студзені 2023 году TikTok забаранілі ў 22 штатах ЗША. Кангрэс тады ўхваліў забарону сацсеткі на дзяржаўных прыладах праз асьцярогі за псыхічнае здароўе дзяцей і пагрозы кібэрбясьпецы.
Таксама з ЗША раней адзначалі, што існавалі спробы Кітая шпіёніць за амэрыканскімі журналістамі праз гэтую праграму.
Форум