Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для абвінавачанага ў забойстве ў Варшаве беларускі Лізаветы запатрабавалі пажыцьцёвага зьняволеньня


Дорыян С. на лаве падсудных
Дорыян С. на лаве падсудных

У Варшаве адбылося трэцяе паседжаньне ў справе аб згвалтаваньні і забойстве беларускі Лізаветы.

У Акруговым судзе Варшавы 13 студзеня адбыліся спрэчкі бакоў па справе 23-гадовага грамадзяніна Польшчы Дорыяна С., які напаў на беларуску Лізавету ў цэнтры польскай сталіцы летась у лютым.

Мужчыну абвінавацілі ў згвалтаваньні, забойстве і разбоі. Сёньняшняе пасяджэньне праходзіла ў закрытым рэжыме. На закрытых для прэсы і гледачоў спрэчках бакоў пракуратура папрасіла для абвінавачанага пажыцьцёвае зьняволеньне і 200 тысяч злотых штрафу на карысьць кожнага пацярпелага — брата і хлопца забітай, піша «Люстэрка».

Акруговы суд Варшавы прызначыў дату абвяшчэньня прысуду па справе Дорыяна С. Суд абвесьціць прысуд 17 студзеня ў 14.15 па менскім часе.

Раней падсудны часткова прызнаў сваю віну.

  • Трагедыя адбылася 25 лютага 2024 году. 25-гадовую беларуску Лізавету згвалцілі на вуліцы Журавяй, у самым цэнтры Варшавы. Некалькі дзён за яе жыцьцё змагаліся лекары, але 1 сакавіка яна памерла ў рэанімацыі. Лізавету пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
  • Нападніка затрымалі ў дзень злачынства. У забойстве на глебе сэксуальнага гвалту і рабаваньня абвінавачваецца 23-гадовы Дорыян С. Камэра назіраньня зафіксавала, як мужчына ў балаклаве падбег да дзяўчыны ззаду, прыставіў нож да шыі і ўпіхнуў у вароты дома. Падчас затрыманьня паліцыя знайшла ў яго нож і іншыя доказы.
  • Неафіцыйна выданьне Wyborcza даведалася, што блізкія Лізаветы хацелі, каб суд над 23-гадовым палякам Дорыянам С. быў адкрыты, аднак адвакат абвінавачанага падаў хадайніцтва аб закрыцьці працэсу.
  • Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG