Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як абараніць сябе ад грыпу, прастуды, COVID-19 і наравірусу ў сэзон хваробаў


У зімовыя месяцы, здаецца, мала хто застрахаваны ад такіх хваробаў, як грып, COVID-19, прастуда, наравірус. Аддзел аховы здароўя і навукі Associated Press пры падтрымцы экспэртаў падрыхтаваў карысныя парады, як засьцерагчыся ад гэтых захворваньняў.

Хаця многія зь мікробаў, якія выклікаюць гэтыя захворваньні, могуць цыркуляваць на працягу ўсяго году, навукоўцы мяркуюць, што зімовы ўсплёск актыўнасьці грыпу і прастуды можа быць выкліканы тым, што мы праводзім больш часу ў памяшканьні, а халоднае, сухое паветра можа аслабіць наш імунітэт.

Хоць для многіх нялёгка перажыць зімовы сэзон і ні разу не захварэць, ёсьць некаторыя рэчы, якія вы можаце зрабіць, каб абараніць сябе ад гэтых рэсьпіраторных і страўнікавых вірусаў.

Як даведацца: у мяне прастуда, грып, COVID-19 ці нешта яшчэ?

Некаторыя сымптомы могуць быць аднолькавыя для некалькіх хваробаў, іншыя ж больш характэрныя для пэўнай зь іх. Паводле экспэртаў:

  • Наравірус — гэта «харчовае» захворваньне, якое можа распаўсюджвацца праз ваду і забруджаныя паверхні і можа выклікаць ваніты, дыярэю, млоснасьць і болі ў жываце на працягу прыкладна аднаго-трох дзён.
  • Прастуда можа быць выкліканая некалькімі рознымі тыпамі вірусаў і можа выклікаць катар, закладзенасьць носу, кашаль, чханьне, боль у горле, галаўныя болі, ламоту ў целе або нязначна павышаную тэмпэратуру менш за тыдзень.
  • Грып, які выклікаюць вірусы грыпу, што пастаянна мяняюцца, прыводзіць да ліхаманкі, дрыжыкаў, кашлю, болі ў горле, катару, ламоты ў целе, галаўных боляў і пачуцьця стомленасьці. Сымптомы грыпу, як правіла, праяўляюцца хутчэй, чым сымптомы прастуды, і могуць доўжыцца ад некалькіх дзён да двух тыдняў.
  • COVID-19 можа выклікаць ліхаманку, дрыжыкі, кашаль, дыхавіцу, боль у горле, закладзенасьць носу, страту адчуваньня пахаў або смакаў, стомленасьць, ламоту, галаўны боль, млоснасьць або ванітаваньне на працягу некалькіх дзён.
  • Рэсьпіраторна-сінцыцыяльны вірус чалавека (RSV) можа выклікаць катар, закладзенасьць носу, кашаль, чханьне, хрыпы, ліхаманку і страту апэтыту на тыдзень ці два.

Адзін са спосабаў абараніць сябе ад усіх вірусаў: мыйце рукі

Сур’ёзна. Дбайнае і частае мыцьцё рук — з мылам! — мае вырашальнае значэньне для зьніжэньня распаўсюджваньня наравірусу, прастуды, грыпу і COVID-19. І не сьпяшайцеся: павольна палічыце да 20, пакуль мыеце рукі.

Гэта асабліва актуальна пасьля наведваньня прыбіральні, перад прыёмам ежы ці яе прыгатаваньнем, кажуць у Цэнтры па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў ЗША.

Калі ў вас няма доступу да мыла і вады, паспрабуйце сродак дэзынфэкцыі для рук з утрыманьнем сьпірту ня менш за 60% — хоць гэтага недастаткова, каб зьнішчыць наравірус.

Мыцьцё і дэзінфэкцыя паверхняў дапаможа зьнішчыць вірусы

Калі вы захварэлі на наравірус, трэба неадкладна ачысьціць паверхні, якія кантактавалі з заражанай ежай ці біялягічнымі вадкасьцямі. Экспэрты рэкамэндуюць дэзінфікаваць рэчы растворам хлёрнага адбельвальніка або адным з прадуктаў, пералічаных на вэб-сайце Агенцтва па ахове навакольнага асяродзьдзя.

Не забывайце мыць любое адзеньне, якое кантактавала з ванітамі або фэкаліямі — выкарыстоўвайце гарачую ваду і сродак для мыцьця. Пасьля гэтага яшчэ раз вымыйце рукі.

Пры прастудзе і грыпе лепш за ўсё рэгулярна чысьціць паверхні, да якіх вы часта датыкаецеся: дзьвярныя ручкі, выключальнікі, стальніцы, мабільныя тэлефоны, улюбёныя цацкі і інш. Выкарыстоўвайце побытавыя чысьцячыя сродкі, якія зўтрымліваюць мыла або сродак для мыцьця, а потым сродак дэзінфэкцыі.

COVID-19 звычайна распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам, таму, паводле экспэртаў, рызыка заражэньня каранавірусам з забруджанай паверхні невысокі.

Трымайце рукі далей ад твару, каб абараніць сябе ад вірусаў

Вірусы могуць распаўсюджвацца пры размове, кашлі і чханьні, таму прыкрывайце рот сурвэткай, калі адчуваеце пяршэньне ў горле або носе. Пасьля кашлю ці чханьня вымыйце рукі. Яшчэ раз.

Акрамя таго, нават калі вы ня хворыя, экспэрты раяць насіць ахоўныя маскі N95 ці мэдыцынскія маскі ў месцах зь вялікай колькасьцю людзей, каб абараніць сябе ад рэсьпіраторных вірусаў.

Не чапайце твар: калі на вашых нямытых руках ёсьць мікроб або вірус (рэсьпіраторны або наравірус) і вы дакранаецеся да твару, вока або носа, ён можа патрапіць на вашыя сьлізістыя абалонкі, і вуаля — вы заразіліся!

Разгледзьце магчымасьць вакцынацыі (калі яна ёсьць)

Цяпер даступныя абноўленыя вакцыны ад COVID-19, а таксама штогадовыя прышчэпкі ад грыпу для людзей ва ўзросьце 6 месяцаў і старэйшых.

Для людзей ва ўзросьце 60 гадоў і старэйшых або для цяжарных жанчын экспэрты раяць таксама зрабіць прышчэпку ад RSV.

Вакцыны ад наравірусу ці прастуды няма.

Яшчэ адзін спосаб падтрымліваць імунітэт ад вірусаў: адпачынак

Ваша імунная сыстэма можа працаваць горш, калі вы не высыпаецеся, адчуваеце стрэс або абязводжаныя. Так што адпачывайце, сьпіце дастаткова і не забывайцеся піць ваду.

Калі вы захварэлі, заставайцеся дома

Калі вы захварэеце, своечасовае абсьледаваньне можа дапамагчы вызначыць, ці гэта COVID-19 або грып. Важна даведацца, ці патрэбныя вам лекі, якое могуць дапамагчы перадухіліць цяжкую форму хваробы.

Калі ў вас ёсьць сымптомы хваробы, заставайцеся дома, каб не заразіць іншых. Падчас лекаваньня ад прастуды, грыпу або каранавірусу адпачывайце і піце дастаткова вадкасьці. Вы можаце прыняць абязбольвальныя прэпараты, каб зьнізіць тэмпэратуру або дапамагчы з болем у целе. Увільгатняльнікі паветра таксама могуць дапамагчы пры сымптомах.

Спэцыфічных лекаў ад наравірусу няма. Экспэрты рэкамэндуюць піць як мага больш вады і іншых вадкасьцяў, каб пазьбегнуць абязводжаньня арганізму. Зьвярніцеся па дапамогу да лекараў, калі вы абязводжаныя і заўважылі, што ў вас сухасьць у роце і горле, адчуваеце галавакружэньне, калі ўстаяце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG