Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Любліне судзяць беларуса па абвінавачаньні ў шпіянажы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Люблінскім акруговым судзе 10 студзеня пачаўся судовы працэс над 53-гадовым грамадзянінам Беларусі Мікалаем М., якога падазраюць у шпіянажы.

Яшчэ аднаму абвінавачанаму, 59-гадоваму паляку, інкрымінуюць дапамогу беларусу.

Пра гэта піша партал «Люстэрка».

Мікалай М. абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць беларускіх спэцслужбаў з 2018 па люты 2023 году. Паводле дадзеных сьледзтва, ён вёў выведку ў раёне вайсковага аэрадрому ў Белай Падляскай, зьбіраў інфармацыю пра дзеяньні польскай вайсковай авіяцыі, чыгуначную інфраструктуру і перамяшчэньні тэхнікі.

Таксама мужчына, як сьцьвярджаецца, здабываў зьвесткі пра аб’екты і транспарт польскага Агенцтва ўнутранай бясьпекі ў Белай Падляскай.

На допыце Мікалай М. прызнаў сваю віну і пацьвердзіў факты, выкладзеныя ў абвінавачаньні. Ён пад арыштам з сакавіка 2023 году.

Другі абвінавачаны — паляк Бэрнард Ш. Як лічыць сьледзтва, ён сьвядома дапамагаў беларусу, хоць і меркаваў, што той можа займацца шпіёнскай дзейнасьцю. Бэрнард арганізаваў знаходжаньне Мікалая ў Польшчы і даў яму жыльлё.

Бэрнард Ш. таксама прызнаў сваю віну. Суд абраў у дачыненьні да яго меру стрыманьня ў выглядзе забароны на выезд з краіны і выманьня пашпарта.

На момант учыненьня злачынстваў абвінавачаным пагражала ад 1 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля зьмяненьняў у Крымінальным кодэксе Польшчы шпіянаж кваліфікуецца як цяжкае злачынства, за якое прадугледжана ня менш як 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG