Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць былых афіцэраў міліцыі, якія заклікалі калегаў «не выступаць карнікамі»


Зьлева направа: Дзьмітры Ўдовін, Віталь Папроцкі, Вячаслаў Ільін, Андрэй Дарошка, Ігар Кісьляк. Архіўнае фота
Зьлева направа: Дзьмітры Ўдовін, Віталь Папроцкі, Вячаслаў Ільін, Андрэй Дарошка, Ігар Кісьляк. Архіўнае фота

Экс-міліцыянтам пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

13 студзеня ў Менскім абласным судзе пачынаецца працэс над групай былых супрацоўнікаў міліцыі Жодзіны, Барысава і Смалявічаў, якія падчас падзеяў 2020 году зьвярнуліся да былых калегаў. Будуць судзіць Ігара Кісьляка, Вячаслава Ільіна, Андрэя Дарошку, Віталя Папроцкага і Дзьмітрыя Ўдовіна.

У 2020-м усе гэтыя афіцэры былі ўжо ў адстаўцы або ў запасе. У жніўні пасьля выбараў яны запісалі відэазварот, у якім заклікалі былых калегаў і ўсіх міліцыянтаў краіны «не выступаць карнікамі». Праз 3,5 гады ўсіх пяцярых удзельнікаў відэазвароту затрымалі. Вось што вядома пра падсудных.

У сакавіку Ігару Кісьляку споўніцца 55 гадоў, ён з Жодзіна. У міліцыі Ігар Кісляк даслужыўся да падпалкоўніка, узначальваў аддзел ГУБАЗіК Барысаўскага РАУС, пасьля звальненьня з міліцыі ў 2012 годзе заняўся прадпрымальніцтвам. У відэазвароце Кісляк казаў, што як міліцыянт служыў за ідэю абароны людзей і барацьбы са злачыннасцю, таму абурыўся тым, што сілавікі зьбіваюць людзей.

«Ёсьць нязначная колькасьць правакатараў, але вы можаце іх ізаляваць саматугам, а не выступаць карнікамі і супрацьпастаўляць сябе нашаму спакойнаму працавітаму народу» — тлумачыў былым калегам Ігар Кісьляк. Цяпер мужчыну, як і ягоных саўдзельнікаў у справе, абвінавачваюць паводле 130 ч.3 і 361 ч.3 артыкулаў Крымінальнага кодэксу («распальваньне варажнечы» і «нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).

Вячаслаў Ільін быў намесьнікам начальніка Жодзінскага ГАУС, кіраўніком міліцыі грамадзкай бясьпекі і выйшаў у адстаўку ў 2008 годзе. «Вам сёньня нялёгка выконваць свае службовыя абавязкі, але перакананы, што ў патрэбны момант вы прымеце дакладнае рашэньне, у адпаведнасьці з сэрцам, якое вам падкажа, што рабіць», — зьвяртаўся Ільін да міліцыянтаў, якія працягвалі службу.

Андрэю Дарошку 54 гады, ён быў намесьнікам начальніка Жодзінскага ГАУС у ідэалягічным забесьпячэньні і кадрах, выйшаў на пэнсію ў 2012 годзе. Пра Дарошку вядома, што ён быў валянтэрам, дапамагаў дзецям з асаблівасьцямі разьвіцьця. У звароце Дарошка просіць міліцыянтаў Жодзіна паступаць зь незнаёмымі жыхарамі гораду гэтак жа, як са сваякамі. «Не стварайце непатрэбнай панікі ў горадзе, нам тут жыць і гадаваць дзяцей», — кажа на відэа Андрэй Дарошка.

Віталь Папроцкі пачынаў службу ў 1999 годзе як сьледчы ў міліцыі Жодзіна, да вясны 2014 году працаваў начальнікам Смалявіцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту. Ён падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы. У звароце да міліцыянтаў Папроцкі казаў, што ўсё жыцьцё служыў народу і прапанаваў тым, хто парушае закон, «апамятацца і задумацца».

Дзьмітры Ўдовін пачынаў служыць у міліцыі ў Барысаве. Пасьля 1998 году перайшоў у аддзел дазнаньня Жодзінскага ГАУС, да 2012 году ўзначальваў гэты аддзел. Далей працаваў у Сьледчым камітэце. Пасьля выхаду на пэнсію працаваў на Смалявіцкім малаказаводзе, быў дэпутатам Жодзінскага гарсавету. «Вы можаце апынуцца саўдзельнікамі злачынстваў. Нельга зьбіваць людзей, якія проста вяртаюцца з працы ў начную зьмену. Я ведаю выпадкі, калі людзей затрымлівалі ні за што і праяўлялі залішнюю жорсткасьць — ня трэба так рабіць», — сказаў Удовін у звароце.

У 2020 годзе на вуліцах Жодзіны міліцыянты шмат разоў білі людзей, якія выходзілі на мірныя акцыі прэтэсту супраць фальшаваньня выбараў. Ад жорсткасьці міліцыянтаў пацярпелі дзесяткі жыхароў гораду, сярод іх былі і тыя, хто да пратэстаў ня меў дачыненьня.

Цяпер падсудным экс-міліцыянтам пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG