Інфармацыі пра абставіны іх перасьледу бракуе. Пра афіцыйнае абвінавачаньне выкладчыку Наканісі Масатосі, над якім ужо 10 студзеня распачнецца суд, паведамляла толькі дзяржаўная тэлевізія Беларусі. «Вясна» папрасіла адваката Кена Сібата зь Японіі расказаць, што пішуць пра затрыманых японскія выданьні.
Наканісі Масатосі затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 году, але падрабязнасьці яго перасьледу паказалі ў сюжэце БТ толькі ў верасьні. Прапаганда гаворыць, мужчына нібыта «ажыцьцяўляў збор і перадачу ў адрас японскай спэцслужбы выведвальнай інфармацыі вайсковага характару». Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць»). Працэс прызначылі весьці судзьдзю Анжэлу Касьцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калёніі.
У сьнежні стала вядома пра затрыманьне другога японца, што пацьвердзіла амбасада Японіі. Як піша The Asahi Shimbun, амбасада зьвярнулася па пацьверджаньне ў МЗС Беларусі, і 16 сьнежня ведамства апавясьціла амбасаду аб затрыманьні грамадзяніна Японіі.
Паводле інфармацыі Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі, раніцай 1 сьнежня на станцыі «Калінкавічы Заходнія» машыніст заўважыў чалавека, які здымае дарогу. Работнікі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі РАУС затрымалі мужчыну – грамадзяніна Японіі. Яго прозьвішча невядомае. Пазьней у СМІ паведамлялася, што гэта можа быць вандроўны блогер, аўтар блогу «Этэру», які падарожнічаў па сьвеце і расказваў пра мясцовы транспарт і інфраструктуру. У апісаньні пазначана, што «Этэру» захапляецца японскай поштай і чыгункамі за мяжой.
Адвакат Кен Сібата адзначае, што цяпер японскае грамадзтва засяроджана на лёсе затрыманых у Беларусі японцаў. Пасьля таго, як стала вядома аб арышце Наканісі, японскія СМІ адразу пачалі паведамляць аб гэтым. Напрыклад, адна зь японскіх буйных газэтаў Sankei Shimbun паведаміла аб яго арышце з такім загалоўкам: «Затрыманы ў Беларусі японец сказаў „Я шкадую“ на дзяржаўнай тэлевізіі. Але невядома, ці гэта адлюстроўвае праўду».
На наступны дзень галоўны сакратар кабінэту міністраў Японіі Хаясі Ёсімаса заявіў у NHK:
«Мы неадкладна выказалі пратэст беларускаму Міністэрству замежных спраў. У кожным выпадку ўрад акажа максымальную падтрымку з пункту гледжаньня абароны японскага грамадзяніна».
Шмат сумневаў выклікае прапагандысцкі сюжэт аб «злачынстве» японца ў Беларусі, адзначае адвакат. Напрыклад, на ТБ паказалі ў якасьці доказаў урыўкі на японскай мове зь японскай сацсеткі «LINE», у якіх Наканісі ліставаўся са знаёмым. Яны размаўлялі аб пэрспэктывах бізнэсу ў Беларусі. Але на тэлевізіі паказалі перакручаны пераклад на расейскую мову, які зусім не адпавядае арыгінальнаму тэксту па-японску.
Пра гэта 4 кастрычніка напісала найбуйнейшая японская газэта Yomiuri Shimbun:
«Пераклады ўрыўку з LINE, якія паказалі на БТ у якасьці доказаў таго, што Наканісі даў інфармацыю „куратару“, былі сфабрыкаваныя. Напрыклад, фраза на японскай мове „Кампаніі складана пачаць бізнэс у Беларусі“ была перакладзеная як „У любым выпадку Ўкраіна стала марыянэткай ЗША“».
Грамадзянін Японіі, брат былой жонкі Наканісі, якога назвалі «куратарам» на беларускім ТБ, адказаў 19 верасьня ў інтэрвію Daily Shincho наступным чынам:
«Ні як прадстаўнік кампаніі, ні як прыватная асоба я не зьвязаны са спэцслужбамі, як сьцьвярджае ўлада Рэспублікі Беларусь. І ўвогуле ня маю да іх ніякага дачыненьня. Думаю, ён проста фатаграфаваў у якасьці хобі».
У японскіх выданьнях таксама пісалі пра пачатак суду над Наканісі. Нядаўна ў японскай прэсе зьявіліся паведамленьні аб арышце яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі ў Беларусі, але да гэтага часу не паведамляецца ягонага прозьвішча. Агулам жа на японскамоўнай прасторы інтэрнэту многія зьвяртаюць увагу на арышты суайчыньнікаў у далёкай Беларусі.
Форум