Гаворка ня толькі пра малако, але і пра іншыя прадукты, якія ўтрымліваюць кальцый. Паводле дасьледаваньня, якое цытуе брытанскае выданьне The Guardian, дадатковыя 300 грамаў кальцыю на дзень на 17% зьмяншаюць імавернасьць раку кутніцы, незалежна ад харчовай крыніцы.
«Гэтае ўсёахопнае дасьледаваньне дае надзейныя доказы таго, што малочныя прадукты могуць дапамагчы перадухіліць рак кутніцы, у асноўным дзякуючы кальцыю, які ў іх утрымліваецца», цытуе The Guardian старэйшага харчовага эпідэміёляга ў Оксфардзкім унівэрыстэце, доктарку Керэн Пап’е, якая была галоўным аўтарам дасьледаваньня.
«Высьветлілася, што кальцый мае падобны эфэкт і з малочных і зь немалочных крыніцаў, і гэта дае падставы лічыць, што ён зьяўляецца галоўным фактарам, які зьмяншае рызыку», — дадала яна.
Рак кутніцы — гэта трэцяя галоўная прычына сьмерці ў сьвеце. Штогод фіксуецца каля 2 мільёнаў выпадкаў хваробы і каля аднаго мільёна сьмерцяў ад яе. Пры гэтым хваробу ўсё часьцей знаходзяць у маладых людзей.
Зьменшыць рызыку хваробы можна, падтрымліваючы здаровую вагу, харчуючыся з большай колькасьцю клятчаткі, абмежаваўшы спажываньне алькаголю, займаючыся фізычнымі практыкаваньнямі і адмовіўшыся ад курэньня. Дыета тут асабліва важная, бо адзін зь пяці выпадкаў хваробы зьвязваюць з празьмернай колькасьцю спажываньня чырвонага ці перапрацаванага мяса.
Форум