Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці давалі Лукашэнку хоць раз прайграць у хакей? Узгадалі самыя скандальныя выпадкі


Лукашэнка на хакеі, архіўнае фота, 2020 год
Лукашэнка на хакеі, архіўнае фота, 2020 год

Хакейная каманда Лукашэнкі атрымала чацьвёртую перамогу ў сэзоне Рэспубліканскай хакейнай лігі, паведамляе БЕЛТА. Сёньня ў «Алімпік-Арэне» ў Менску яны перамаглі каманду Віцебскай вобласьці 10:4.

Каманда Лукашэнкі ў асноўным выступае ў рамках аматарскіх турніраў у Беларусі, і афіцыйныя СМІ рэгулярна паведамляюць пра яе перамогі. Колькасьць паразаў каманды, уключаючы як гульнявыя, так і тэхнічныя, дакладна не дакумэнтаваная ў адкрытых крыніцах. Аднак мы прыгадалі некалькі вядомых выпадкаў:

Гульнявыя паразы:

У красавіку 2009 году хакейная каманда Лукашэнкі ўпершыню прайграла камандзе Гомельскай вобласьці зь лікам 9:8 у фінале Другіх рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод аматарскіх каманд на прызы прэзыдэнцкага спартовага клюбу. Афіцыйныя СМІ тлумачылі гэта тым, што напярэдадні фінальнага матчу каманду Гомельскай вобласьці ўмацавалі віцэ-чэмпіёнамі беларускай экстралігі. На наступны дзень галоўны трэнэр бронзавага прызёра чэмпіянату Беларусі жлобінскага «Мэталюрга» Яўген Лебедзеў, пад чыім кіраўніцтвам каманда сэнсацыйна абыграла Лукашэнку, даведаўся, што звольнены.

Факт адхіленьня ад працы Лебедзеў сам пацьвердзіў тады дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА, аднак пасьля таго, як гэтую інфармацыю распаўсюдзілі СМІ, на інтэрнэт-старонцы хакейнага клюбу “Мэталюрг” (Жлобін) зьявілася паведамленьне за подпісам дырэктара каманды Алега Багарада: «Як асоба, упаўнаважаная Назіральнай радай клюба, афіцыйна заяўляю: дакумэнты на адхіленьне галоўнага трэнэра Лебедзева ад працы не афармляліся, хоць мяне непакояць яго няўжыўчывы характар і няўменьне выслухаць крытычныя заўвагі. Кантракт зь Яўгенам Лебедзевым дзейнічае да 30 чэрвеня 2010 году. Яму прапанавана працягваць выконваць свае абавязкі, нягледзячы на ўсю шуміху, узьнятую ім у СМІ».

Гэта быў першы хакейны пройгрыш на ўнутраных спаборніцтвах. На зьнешніх дагэтуль каманда Лукашэнкі прайгравала ўсяго двойчы — і абодва разы камандзе «Газпраму» — у 2007 і 2008 гадах.

Тэхнічныя паразы:

У траўні 2013 году ў Сочы камандзе была залічаная тэхнічная параза (0:5) у паўфінале Ўсерасейскага фэстывалю па хакеі сярод аматарскіх каманд у дывізіёне «World Cup 40+». Прычына — парушэньне рэглямэнту: у складзе каманды ўдзельнічалі гульцы з прафэсійным хакейным мінулым, што супярэчыла правілам. У выніку каманда была дыскваліфікаваная і выбыла з турніру.

У тым турніры правіла парушылі яшчэ два гульцы беларускай каманды. Мова пра сыноў Лукашэнкі Дзьмітрыя і Віктара, якія не праходзілі па ўзросьце. Яны былі заяўленыя ў дывізіёне «World Cup 40+», гульцы якога павінны быць старэйшыя за 40 гадоў, а сынам Лукашэнкі на той час было 33 і 37 гадоў. Абодва яны выступалі на пазыцыях абаронцаў.

Сам Аляксандр Лукашэнка зьбіраўся выступіць у фінале, аднак да фіналу каманда Беларусі так і не дайшла. У беларускіх афіцыйных СМІ дыскваліфікацыю сьпісалі на інтрыгі спартовых чыноўнікаў.

  • У апошнія гады зьявіліся паведамленьні аб праблемах са здароўем Лукашэнкі. Вядома, што ён перанёс апэрацыі на каленных суставах, і, паводле яго словаў, адзін з суставаў пакуль не ўдалося цалкам вылечыць. Акрамя таго, СМІ заўважалі ў яго прыкметныя цяжкасьці пры хадзе і стаяньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG