Спэцборт МНС Расеі забраў з Актаў расейцаў, якія пацярпелі пры крушэньні самалёта «Азербайджанскіх авіяліній».
На борце самалёта МНС, які ідзе ў Маскву, знаходзяцца дзевяць параненых, у тым ліку адно дзіця. Стан трох пацярпелых у авіякатастрофе расейцаў вельмі цяжкі, адна пацыентка ў цяжкім стане, яшчэ пяцёра, у тым ліку дзіця, — у стане сярэдняй цяжкасьці, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Расеі.
У Казахстане тым часам на 10 сутак арыштавалі блогера Азамата Сарсэнбаева, які здымаў месца крушэньня самалёта ў Актаў. Аб гэтым ён напісаў у сваіх сацыяльных сетках.
Згодна з пастановай Тупкараганскага раённага суду Мангістаўскай вобласьці, Сарсэнбаеў быў прызнаны вінаватым у непадпарадкаваньні законнаму патрабаваньню супрацоўніка праваахоўных органаў. Як растлумачыў адвакат блогера Айбэк Суюндукаў, пакараньне прызначана ў рамках часткі 1 артыкула 667 КаАП РК «Непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню прадстаўніка ўлады».
Сарсэнбаеў расказаў аб сваім затрыманьні напярэдадні. У паліцыі заявілі, што мужчына «ажыцьцяўляў запуск дрона на месцы здарэньня, ствараючы перашкоды для працы выратавальных службаў і сьледчых дзеяньняў, а таксама не падпарадкаваўся законным патрабаваньням супрацоўнікаў паліцыі».
Блогер паведаміў, што знятыя ім кадры выкарыстоўвалі сусьветныя СМІ, у тым ліку Reuters, The Guardian, «BBC» і Le Monde.
Самалёт авіякампаніі Azerbaijan Airlines (AZAL), які выконваў рэйс з Баку ў Грозны, пацярпеў крушэнmне на захадзе Казахстана раніцай 25 снежня. На яго борце было 62 пасажыры і пяць членаў экіпажа. Па апошніх зьвестках, зь іх выжылі 29 чалавек.
Пакуль няма афіцыйнай вэрсіі прычын катастрофы. Ідзе расьсьледаваньне. Сярод вэрсій, якія называлі розныя ведамствы і крыніцы СМІ, — сутыкненьне са зграяй птушак, выбух кісляроднага балёна на борце, тэхнічная няспраўнасьць. Увечары 25 снежня стала вядома, што знойдзена «чорная скрыня».
Зьявілася і вэрсія аб тым, што самалёт быў мог падбіты сродкамі СПА з зямлі. На карысць гэтай версіі сьведчыць відэа пашкоджаньняў ашалёўкі ў хваставой частцы самалёта, якое зьявілася ў тэлеграм-каналах. Пасля гэтую вэрсію не выключыў шэраг OSINT-экспэртаў.
Борт накіроўваўся з Баку ў Грозны. Па афіцыйнай вэрсіі, ужо падчас зьніжэньня ён быў перанакіраваны на запасны аэрадром у Махачкалу з-за моцнага туману над сталіцай Чачэніі. Але рэальнай прычынай зьмены курсу магла стаць атака ўкраінскіх бесьпілётнікаў.
Форум