Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскага журналіста Яўгена Мікалаевіча, які вярнуўся ў Беларусь, пакаралі турмой


Яўген Мікалаевіч, архіўнае фота
Яўген Мікалаевіч, архіўнае фота

У пачатку кастрычніка суд у Пінску прызнаў Яўгена Мікалаевіча вінаватым паводле часткі 1 артыкула 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Цяпер стала вядома, што яму прызначылі пакараньне ў выглядзе 1,5 года калёніі агульнага рэжыму, піша сайт «Мэдыя-Палесьсе».

У 2020 годзе Яўген Мікалаевіч у якасьці відэакарэспандэнта Media-Polesye асьвятляў пратэсты ў Пінску супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Журналіст не прымаў непасрэднага ўдзелу ў пратэстах: ён вёў фота— і відэаздымку па рэдакцыйным заданьні.

10 жніўня 2020 году пры выкананьні службовых абавязкаў Мікалаевіча затрымалі і пабілі. Пазьней стала вядома, што Мікалаевіча спачатку адправілі ў СІЗА, а затым перавялі ў папраўчую калонію ў Івацэвічах. Калі журналіста вызвалілі, ён працягваў сваю прафэсійную дзейнасьць на сайце.

30 жніўня Яўгена Мікалаевіча зноў затрымалі. Тады ён знаходзіўся далёка ад плошчы, дзе праходзіла мірная акцыя пратэсту, не пасьпеў нават дастаць тэхніку. Яўгену прысудзілі адміністрацыйны арышт, але прысуд быў апратэставаны і журналіст застаўся на волі.

У лістападзе 2020 году Яўгена Мікалаевіча зноў выклікалі ў міліцыю Пінску. Як ён расказаў пасьля размовы са сьледчым, яго затрымалі для адбыцьця прызначанага раней адміністрацыйнага арышту.

Адбыўшы арышт, Яўген Мікалаевіч пакінуў Беларусь. Ён працаваў за мяжой у сфэры, не зьвязанай з журналістыкай. У пачатку 2024 году ён вырашыў вярнуцца дадому і быў затрыманы. Невядома, калі дакладна гэта адбылося.

Імя Яўгена Мікалаевіча зьявілася ў сьпісе асоб, якія нібыта маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці.

Паводле БАЖ, цяпер у Беларусі за кратамі 45 журналістаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG