«Беларусам, якія жывуць або знаходзяцца цяпер на тэрыторыі Сырыі, рэкамэндуем неадкладна пакінуць краіну. Неабходна выконваць правілы асабістай бясьпекі, няўхільна прытрымлівацца рэкамэндацыяў мясцовых уладаў, а таксама заставацца ў кантакце зь беларускімі дыпляматамі ў Сырыі», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Беларусі.
Таксама беларускае МЗС у паведамленьні пакінула кантакты амбасады Беларусі ў Сырыі «для экстраннай сувязі» — тэл.: +963 94 88 88 653, эл. пошта: syria@mfa.gov.by.
Пры гэтым якой-небудзь дапамогі ці арганізацыі эвакуацыйных рэйсаў для грамадзян Беларусі з Сырыі ведамства не прапануе.
Раней, пры абвастрэньні сытуацыі ў Лібане, МЗС Беларусі прапанавала беларусам самастойна вырашаць пытаньне з эвакуацыяй і пакінуць Лібан за свой кошт, і толькі пералічыла шэраг рэгулярных рэйсаў, у тым ліку зь перасадкай у Маскве, якімі беларусы могуць вярнуцца дадому.
2 сьнежня ў МЗС Беларусі заявілі аб падтрымцы рэжыму ў Сырыі і выказалі «надзею на мір».
Напрыканцы мінулага тыдня сырыйскія паўстанцы ўзялі пад кантроль правінцыю Ідліб, захапілі большую частку гораду Алепа і працягнулі наступ на поўдзень. 5 сьнежня стала вядома, што ўрадавыя войскі пакінулі горад Хама — адміністрацыйны цэнтар аднайменнай правінцыі на захадзе Сырыі.
Форум