Міністэрства аховы здароўя ў пастанове № 155 ад 16 лістапада зацьвердзіла нормы часу і расходу матэрыялаў на платныя мэдыцынскія паслугі на прыёмах (кансультацыях) лекараў-спэцыялістаў. Дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, ён набудзе моц з 1 лютага 2025 году.
Пастанова прадугледжвае, што кіраўнікі юрыдычных асоб і ІП, якія аказваюць платныя мэдычныя паслугі, могуць зьніжаць устаноўленыя нормы часу прыёму і расходу матэрыялаў у залежнасьці ад прымененых тэхналёгій, матэрыяльна-тэхнічнай забясьпечанасьці, фактычнага расходу і іншых чыньнікаў.
У адпаведнасьці з дакумэнтам, норма платнага першага прыёму ў лекара-спэцыяліста складае 25 хвілін. За гэты час ён павінен пасьпець сабраць скаргі, выявіць чыньнікі рызыкі захворваньняў, правесьці агульны агляд, паставіць дыягназ, прызначыць лячэньне і дадатковыя дасьледаваньні, а таксама аформіць мэдычную дакумэнтацыю.
Норма часу на другасны прыём — 15 хвілін.
Норма працягласьці кансультацыі лекара-спэцыяліста з кваліфікацыйнай катэгорыяй складае 30 хвілін, а лекара з вучонай ступеньню, вучоным званьнем або акадэмічным вучоным званьнем — 60 хвілін.
Устаноўленыя ў дакумэнце нормы часу прыёму не датычацца лекараў-спэцыялістаў стаматалягічнага профілю.
Таксама дакумэнт вызначае нормы расходу матэрыялаў для пальчатак, вадкага мыла, сродкаў дэзынфэкцыі, антысэптыкаў, аднаразовых ручнікоў, пялёнак і інструмэнтаў для агляду.
Форум