Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Эстоніі Маргус Цахкна.
«Праціўнікі дэмакратыі і парушальнікі правоў чалавека не вітаюцца ў нашых краінах», — напісаў міністар у сацсетцы X.
«Грузінскі народ мае права адстойваць свае правы, таму што іх кіруючая партыя доўга і сыстэматычна хлусіла свайму народу, і людзі маюць права выказваць сваю нязгоду праз акцыі пратэсту. Гвалт супраць пратэстоўцаў непрапарцыйны і супярэчыць правам чалавека», — адзначыў кіраўнік эстонскага МЗС.
Эстонія ўжо забараніла ўезд на сваю тэрыторыю 11 грузінскім палітыкам і чыноўнікам. Сярод іх міністар унутраных справаў Грузіі Вахтанг Гамелаўры і ганаровы старшыня партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі. Сярод асобаў, якія трапілі пад візавыя санкцыі Таліну — 4 намесьнікі кіраўніка МУС і 5 кіраўнікоў розных дэпартамэнтаў міністэрства.
Аналягічны сьпіс апублікаваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбэргіс.
Паводле зьвестак МУС Грузіі, падчас пратэстаў каля парлямэнту краіны былі затрыманыя 224 чалавекі, іх абвінавачваюць паводле артыкулаў аб дробным хуліганстве, супраціве і непадпарадкаваньні паліцыі. Суд ужо аштрафаваў 36 чалавек, яшчэ 34 былі прыгавораныя да адміністрацыйнага арышту.
Яшчэ двум пратэстоўцам былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў нападзе на паліцыянтаў і нанясеньні шкоды.
Як сьцвярджаюць у МУС, мінулай ноччу падчас пратэстаў пацярпеў 21 супрацоўнік паліцыі, а ўсяго за апошнія некалькі дзён пацярпелі 113 паліцыянтаў.
У ноч на 2 сьнежня грамадзяне Грузіі чацьвёрты раз запар сабраліся каля будынка парлямэнту ў Тбілісі. Як паведамляе BBC, паліцыя ўжыла вадамёты і сьлезацечны газ для разгону дэманстрантаў, а пратэстоўцы ў адказ запускалі пэтарды. Праграма «Эхо Кавказа» паведаміла аб затрыманьні лідэра партыі «Гірчы — Больш свабоды» і аднаго з кіраўнікоў апазыцыйнай «Кааліцыі за перамены» Зураба Джапарыдзэ.
Раней прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выступіла са зваротам да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і заклікала іх не ўжываць сілу на акцыях пратэсту.
28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 года. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.
Форум