Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі чарговая ноч пратэстаў завяршылася жорсткім разгонам і новымі арыштамі, дзясяткі з траўмамі ў лякарнях

абноўлена

Затрыманьні каля мэтро ў Тбілісі
Затрыманьні каля мэтро ў Тбілісі

Затрымалі аднаго зь лідэраў «Кааліцыі перамен» Зураба Джапарыдзэ і некалькіх журналістаў.

Сілавыя органы Грузіі ўначы выкарысталі супраць пратэстоўцаў вадамёты і газавыя капсулы.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», паліцыя і падразьдзелы спэцыяльнага прызначэньня да 7-й раніцы разагналі пратэстоўцаў з цэнтральнага праспэкту Руставэлі. Актывісты спрабавалі схавацца ў адным з храмаў, сьвятары выйшлі і сталі перад сілавікамі, абараняючы грамадзян.


Некаторыя ўдзельнікі пратэсту перамяшчаліся на іншыя вуліцы або ўцякалі ў мэтро, але сілавікаі іх там даганялі і жорстка білі. Пратэстоўцаў перасьледавалі ў дварах ці завулках, дзе яны спрабавалі схавацца.

Паводле праваабаронцаў, за чатыры дні пратэстаў затрымалі сама меней 250 грамадзян.

Колішні прэм’ер-міністар Грузіі Георгі Квірыкашвілі мяркуе, што пратэст, сярод удзельнікаў якога найбольш моладзі, сам па сабе ня сьціхне, а ўлада мусіць зрабіць крокі насустрач.

«З учорашніх заяў ураду становіцца зразумела, што ўпартасьць перамагла разумны сэнс. Улада чапляецца за ідэю фікс: маўляў, праспэкт Руставэлі запаўняюць пераважна прыхільнікі дзяржаўнага перавароту, якія або няправільна разумеюць сказанае, або не жадаюць яго разумець. Аднак праўда настолькі відавочная, што дастаткова толькі зірнуць і прызнаць: большасьць пратэстоўцаў на вуліцах — гэта моладзь, якая імкнецца да аднаго: каб дзяржава пачула іх голас. Без сустрэчных крокаў з боку ўраду гэты пратэст ня сьціхне сам па сабе, бо ён значна шырэйшы за любую палітычную каньюнктуру. Гвалтоўнае задушэньне волі моладзі ўскладае на ўрад сур’ёзную адказнасьць за далейшае разьвіцьцё падзей», — заявіў Георгі Квірыкашвілі.

Як паведаміла выданьне NEWSGEORGIA, паводле зьвестак Міністэрства здароўя Грузіі ўначы і раніцай у лякарні даставілі 37 траўмаваных, зь іх 24 — пратэстоўцы.

Улады сьцьвярджаюць, што у паліцэйскіх больш сур’ёзныя траўмы, чым у пратэстоўцаў.

У той жа час прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі пераконвае, што большасьць арыштаваных удзельнікаў акцый маюць траўмы галавы, зламаныя косткі твараў, вачніцы і адкрытыя раненьні. Паводле яе, пратэстоўцаў моцна зьбівалі на шляху пасьля затрыманьня ў перапоўненыя месцы пад вартай.

У Грузіі працягваюцца пратэсты праз рашэньне кіроўнай партыі «Грузінская мара» адмовіцца да 2028 году ад перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз. Грузінскія сілы бясьпекі ўжылі сьлезацечны газ і вадамёты для разгону пратэстоўцаў.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, на якіх кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 54% галасоў, апазыцыя і заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было азмрочанае парушэньнямі і расейскім уплывам.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да выбраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначылі на 14 сьнежня.

  • 28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з Эўразьвязам і адмове ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG