Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі другі раз асудзілі дэпутата за антываенную пазыцыю. Судзьдзя ня стаў слухаць яго апошняе слова


Аляксей Горынаў у судзе. Архіўнае фота
Аляксей Горынаў у судзе. Архіўнае фота

Гэта другая справа супраць палітыка — у ліпені 2022-га яго пакаралі 7 гадамі калёніі ў справе аб «фэйках» пра вайну з Украінай.

Суд ва Ўладзіміры прысудзіў маскоўскаму муніцыпальнаму дэпутату Аляксею Горынаву тры гады калёніі паводле артыкула аб апраўданьні тэрарызму.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на «Мэдыязону», другую справу на Горынава завялі за размовы з сукамэрнікамі пра ўкраінскі батальён «Азоў» і падрыў Крымскага мосту. Горынаў расказваў, што зьняволеныя правакавалі яго на размовы пра палітыку пад запіс.

На пасяджэньні суду адвакатка палітыка паведаміла, што аўдыёзапіс, які рабілі прыхавана цягам 20 дзён, працягваецца амаль 14 гадзін. Горынаву інкрымінавалі толькі два выказваньні: «Ну ўзарвалі — і што? Вайна ідзе» (пра атаку на Крымскі мост) і «Якая гэта нечысьць? Гэта Ўзброеныя сілы» ў адказ на словы сукамэрніка пра батальён «Азоў».

Перад пачаткам пасяджэньня суду палітык паведаміў, што ва ўладзімірскім сьледчым ізалятары яго паставілі на ўлік як «схільнага да тэрактаў».

У сваім апошнім слове, якое судзьдзя спыніў і ня стаў слухаць, Горынаў працытаваў Льва Талстога, а таксама сказаў: «Давайце спынім гэтую крывавую, нікому не патрэбную бойню — ні нам, ні жыхарам Украіны. Ці ня час пакінуць у спакоі нашых суседзяў і заняцца сваімі ўнутранымі праблемамі, якія нарастаюць як сьнежны ком? Мы даўно ўжо даказалі ўсяму сьвету, якія мы адважныя, моцныя і міралюбныя. Дык можа ўжо хопіць?».

Аляксей Горынаў таксама папрасіў суд адзначыць у выраку, што ён як грамадзянін Расеі вінаваты ў тым, што «дапусьціў гэтую вайну, ня змог яе спыніць».

«Але я хацеў, каб маю правіну і адказнасьць са мной разьдзялілі таксама і арганізатары, удзельнікі, прыхільнікі вайны, а таксама тыя, хто перасьледуе людзей, якія выступаюць за мір», — дадаў ён.

Зь ліпеня 2022 году Аляксей Горынаў адбывае сямігадовы тэрмін пакараньня паводле артыкула аб «фэйках» пра расейскую армію і за антываенны выступ на зборах дэпутатаў Краснасельскага раёну. У новай справе пракуратура прасіла для яго 3,5 года зьняволеньня. Па сукупнасьці выракаў палітык правядзе ў калёніі строгага рэжыму яшчэ пяць гадоў — на адзін год больш, чым паводле першага выраку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG