Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі скарацілі фінансаваньне на аўтамабільную спэцтэхніку для МУС


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі ўнёс зьмены ў дзяржаўную праграму «Забесьпячэньне правапарадку» на 2021–2025 гады, зацьверджаную ў сьнежні 2021-га.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, урад скараціў фінансаваньне некаторых патрэбаў Міністэрства ўнутраных спраў, унутраных войскаў і Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

У прыватнасьці, скароцяць расходы дзяржаўнага бюджэту на капітальныя ўкладаньні — у 2021 годзе іх плянавалі на ўзроўні 236,8 мільёна рублёў на пяць гадоў, цяпер — 166,9 мільёна рублёў, у тым ліку 35,8 мільёна ў 2024-м (раней на гэты год плянавалі 86,4 мільёна). Фінансаваньне на 2025 год пакуль застаецца на раней вызначаным узроўні — 77,5 мільёна рублёў.

Расходы на разьмяшчэньне, стварэньне ўмоў побыту для асуджаных і грамадзян, а таксама на стварэньне ўмоў нясеньня службы для супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сыстэмы сёлета зьменшыліся да 14,6 мільёна рублёў з прадугледжаных раней 31,5 мільёна рублёў.

У 2021 годзе пяцігадовы аб’ём фінансаваньня для Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС плянавалі на ўзроўні 185,5 мільёна рублёў, а цяпер яго зьменшылі да 117,6 мільёна рублёў.

Як вынікае з пастановы, Міністэрства ўнутраных спраў спыніла з 2023 году закуп спэцыяльнай тэхнікі, у тым ліку грузавых і легкавых аўтамабіляў, а таксама аўтобусаў. Згодна з праграмай, зацьверджанай у 2021 годзе, у 2023, 2024 і 2025 гадах плянавалі купіць 19 грузавікоў, 52 аўтобусы і 579 аўтамабіляў.

Апроч таго, улады маюць намер працягваць працу ў далучэньні іншаземцаў на працоўны рынак Беларусі, перавагі аддаюць грамадзянам Узбэкістану і Ўкраіны. Прынамсі, гэтых іншаземцаў чакаюць на працу на прадпрыемствах канцэрну «Беллегпрам» і ў сельскай гаспадарцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG