Пакістанская паліцыя арыштавала тысячы прыхільнікаў колішняга прэм’ер-міністра краіны Імрана Хана. Сталіца краіны фактычна ў закрытым рэжыме напярэдадні мітынгу з патрабаваньнем вызваленьня Хана з турмы, заявіў у нядзелю супрацоўнік службы бясьпекі, словы якога прыводзіць агенцтва AP.
Хан знаходзіцца за кратамі больш за год, супраць яго заведзена больш за 150 крымінальных спраў. Але ён застаецца папулярным у грамадзтве, а яго палітычная партыя Pakistan Tehreek-e-Insaf або PTI заяўляе, што справы палітычна матываваныя.
Апошні разгон адбыўся напярэдадні прылёту зь Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Шагід Наваз, супрацоўнік службы бясьпекі ўсходняй правінцыі Пэнджаб, заявіў, што паліцыя затрымала больш за 4000 прыхільнікаў Хана. Сярод іх пяць дэпутатаў.
З суботы ўлады Пакістану напоўнілі сталіцу Ісламабад грузавымі кантэйнэрамі і закрылі асноўныя дарогі і шашы, якія злучаюць горад з апорнымі пунктамі PTI у Пэнджабе і паўночна-заходніх правінцыях Хайбэр-Пахтунхва. На шашы, якая вядзе ў тыя рэгіёны, паміж паліцыяй і PTI быў абстрэл сьлёзацечным газам. У нядзелю ўлады прыпынілі паслугі мабільнай сувязі і інтэрнэту «ў раёнах, якія выклікаюць праблемы зь бясьпекай».
Урад і Міністэрства ўнутраных спраў разьмясьцілі аб’яву ў сацыяльнай сетцы X, якая забароненая ў Пакістане. Яны не ўдакладнілі раёнаў, як і не сказалі, на які час будзе дзейнічаць прыпыненьне. Але запэўнілі, што ў іншых рэгіёнах краіны сувязь і інтэрнэт не абмежаваныя.
Тым часам тэлекамунікацыйная кампанія Nayatel разаслала электронныя лісты, прапаноўваючы кліентам «надзейную паслугу стацыянарнай сувязі» ў раёнах, дзе прыпынена абслугоўваньне мабільнай сувязі.
Прыхільнікі Хана ў значнай ступені спадзяюцца на сацыяльныя сеткі, каб патрабаваць яго вызваленьня, і выкарыстоўваюць плятформы абмену паведамленьнямі, такія як WhatsApp, для абмену інфармацыяй, у тым ліку падрабязнасьцямі падзей.
У Пэшавары панаваў сьвяточны настрой, адзначае агенцтва: члены PTI танцавалі, ігралі на барабанах і трымалі ў руках фатаграфіі Хана, калі машыны адпраўляліся ў Ісламабад.
Урад уводзіць забарону на сацыяльныя сеткі і ўсё больш атакуе пляцоўкі VPN, паведамляе супольнасьць Netblocks. У нядзелю яны паказвалі на праблемы з WhatsApp, якія ўплывалі на абмен мультымэдыя ў праграме.
У мінулым месяцы ўлады ўжо прыпынялі працу сотавай сувязі ў Ісламабадзе і Равалпіндзі, каб сарваць мітынг у падтрымку Хана. Адключэньне парушала сувязь і паўплывала на паўсядзённыя паслугі, такія як банкі, паездкі і дастаўка ежы.
Міністар унутраных спраў Пакістану Магсын Накві заявіў, што ўлады ачапілі Чырвоную зону Ісламабаду, дзе знаходзяцца ключавыя ўрадавыя будынкі і куды зьбіраліся ісьці прыхільнікі Хана. Ён прыгразіў арыштам любому, хто паспрабуе пранікнуць у гэтыя кварталы, і дадаў, што захады бясьпекі прынятыя для абароны жыхароў і маёмасьці, ды абвінаваціў PTI у нязручнасьцях для жыцьця людзей і працы прадпрыемстваў.
Ён дадаў, што пратэстоўцы плянавалі прайсьці тым самым маршрутам, што і беларуская дэлегацыя, але ўрад ад гэтага сцэнару адмовіўся.
Форум