Агенцтва Bloomberg атрымала справаздачу дырэкцыі Нацыянальнай разьведкі ЗША аб забойствах палітычных супернікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна за мяжой.
Па запыце журналіста Bloomberg справаздача была часткова рассакрэчаная. У дакумэнце пералічваецца шэраг такіх забойстваў, якія адбыліся з 2006 году. Разьведка лічыць, што яны былі зьдзейсьненыя расейскімі спэцслужбамі і санкцыянаваныя асабіста Пуціным.
Першы згаданы ў справаздачы выпадак — забойства ў 2004 годзе ў Катары былога выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта самаабвешчанай «Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя» Зелімхана Яндарбіева. Выканаўцы забойства, супрацоўнікі ГРУ Міністэрства абароны Расеі Анатоль Белашкоў і Васіль Багачоў, былі прыгавораныя судом Катара да пажыцьцёвага зьняволеньня, аднак неўзабаве перададзены ў Расею. На радзіме яны павінны былі правесьці астатак тэрміну ў турме, але іх далейшы лёс невядомы. Ужо ў 2005 годзе ФСВП заяўляла, што ня ведае, дзе яны знаходзяцца.
Далей згадваецца гібель у 2006 годзе ў Лёндане былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі. Ён быў атручаны радыеактыўным палоніем і памёр ад прамянёвай хваробы. Сьледзтва ў Вялікай Брытаніі назвала непасрэдным выканаўцам забойства афіцэра Галоўнага ўпраўленьня аховы Расеі Андрэя Лугавога, які пасьля стаў дэпутатам Дзярждумы, а само забойства — спэцапэрацыяй ФСБ.
Таксама ў якасьці працы расейскіх спэцслужбаў прыводзіцца сьмерць у 2012 годзе ў Вялікай Брытаніі расейскага бізнэсмэна Аляксандра Перапялічнага. Ён лічыўся адным з ключавых інфарматараў па справе аб магчымым адмываньні грошай у Эўропе расейскімі чыноўнікамі і памёр незадоўга да таго, як павінен быў сьведчыць пра гэта ў судзе. У дакумэнце амэрыканскай разьведкі сьцьвярджаецца, што ён быў атручаны, хоць брытанская паліцыя, якая расьсьледавала сьмерць Перапялічнага, не знайшла дастатковых доказаў.
Таксама згадваецца сьмерць у 2015 годзе луганскага сэпаратыста, камандзіра атрада «Бэтмэн» Аляксандра Бяднова. Браніраваны аўтобус, у якім ехаў Бядноў, быў расстраляны ўзброенымі людзьмі. Пракуратура заявіла, што Бядоў і яго падначаленыя адмовіліся выконваць патрабаваньні міліцыі самаабвешчанай «ЛНР». Аднак шэраг функцыянэраў «ЛНР» лічаць, што прычынай забойства сталі рознагалосьсі Бяднова з тагачасным кіраўніком «ЛНР» Ігарам Платніцкім. У дакумэнце разьведкі ЗША выказваецца здагадка, што Бядноў і яшчэ некалькі прыкметных лідэраў данбаскіх і луганскіх сэпаратыстаў былі забітыя па загадзе Крамля, каб умацаваць расейскі кантроль у рэгіёне.
Супрацоўнікі Нацыянальнай разьведкі ЗША паказваюць у справаздачы, што Масква выкарыстоўвае спэцслужбы за мяжой для ліквідацыі тых, каго лічыць пагрозай крамлёўскаму рэжыму, і што ёсьць дадзеныя аб датычнасьці Крамля і да іншых забойстваў яго супернікаў, але дадзеныя па іх менш поўныя. У дакумэнце гаворыцца, што, на думку экспэртаў разьведкі, такія забойствы з высокай верагоднасьцю будуць працягвацца і надалей.
Амбасада Расеі ў Вашынгтоне не адказала на запыты агенцтва Bloomberg з просьбай пракамэнтаваць гэтую інфармацыю.
- Журналісты брытанскага выданьня Buzzfeed News раней расьсьледавалі 14 сьмерцяў у Вялікай Брытаніі, якія, паводле іх зьвестак, маглі быць «замоўленыя» расейскімі ўладамі.
Форум