Чарнагорыя ў найбліжэйшы час увядзе візы для грамадзян Беларусі і Расеі, каб пачаць «гарманізацыю з правіламі, якія дзейнічаюць у Шэнгенскай зоне», паведамляе мясцовае выданьне Dan са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе краіны.
«Калі Чарнагорыя ўвядзе візавы рэжым для Расеі і Беларусі, гэта можа паўплываць на сёлетні прыток расейскіх турыстаў і жыхароў, а таксама на іх значны ўклад у эканоміку. Аднак адаптацыя да шэнгенскай палітыкі неабходная для рэалізацыі імкненьняў Чарнагорыі да эўрапейскай інтэграцыі», — зазначае СМІ.
Увядзеньне візаў для грамадзян трэціх краін — адна з умоў уступленьня Чарнагорыі ў Эўразьвяз. З 2010 году краіна — кандыдат у ЭЗ.
У 2018 годзе Чарнагорыя і Сэрбія былі названыя «фаварытамі» на ўступленьне ў ЭЗ, адзначалася, што яны «патэнцыйна будуць гатовыя» да гэтага ў 2025-м.
Выданьне таксама паведамляе, што падчас перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ Чарнагорыя можа паспрабаваць дамовіцца аб асаблівай візавай палітыцы для «асобных краін», аднак шанцы, што Эўразьвяз на гэта пагодзіцца, «адносна невялікія».
«Такім чынам, увядзеньне візаў для грамадзян Беларусі і Расеі становіць важны, але патэнцыйна адчувальны палітычны крок, які будзе мець далёкасяжныя наступствы для сацыяльных і эканамічных адносін Чарнагорыі з гэтымі краінамі», — зазначае выданьне.
Чарнагорыя — адна зь нямногіх эўрапейскіх краін, куды грамадзяне Беларусі могуць уяжджаць бязь візаў (працягласьць аднаго наведваньня — ня больш за 30 дзён). Апроч постсавецкіх дзяржаваў, бязьвізавы ўезд для беларусаў дазволены ў Сэрбію і Альбанію (таксама на тэрмін да 30 дзён).
ХХХ
Форум