У Абхазіі праз сутыкненьні пратэстоўцаў зь сілавікамі каля будынку парлямэнту скасавалі пасяджэньне, на якім плянавалі ратыфікаваць інвэстыцыйнае пагадненьне з Расеяй.
Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», абхаскія ўлады разглядаюць гэты дакумэнт яе стымул для разьвіцьця эканомікі, а іхныя апанэнты лічаць яго «прамой здачай інтарэсаў Абхазіі».
Перад пачаткам сэсіі адзін зь лідэраў апазыцыі Адгур Ардзінба заклікаў улады «адкласьці ўсе вострыя пытаньні, якія падзяляюць народ і бударажаць грамадзкасьць, да маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў».
Аднак удзельнікі пратэсту пачалі патрабаваць правядзеньня сэсіі і галасаваньня супраць ратыфікацыі пагадненьня.
Калі пратэстоўцы пры дапамозе тэхнікі зьнесьлі агароджу і падышлі да будынку парлямэнту, пачаліся сутыкненьні зь сілавікамі, у якіх кідалі яйкамі і бутэлькамі. Сілавікі ў адказ выкарысталі сьлезацечны газ і дымавыя шашкі. Некаторыя тэлеграм-каналы паведамілі пра першыя стрэлы, але сьцьвярджаюць, што пацярпелых няма.
Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў начальнік асабістай аховы прэзыдэнта Аслана Бжанія і паабяцаў перадаць яму патрабаваньні пратэстоўцаў. Пазьней на перамовы выйшлі кіраўнікі сілавых ведамстваў.
Пазьней удзельнікі акцыі пратэсту атачылі комплекс урадавых будынкаў і ўварваліся ў парлямэнт і адміністрацыю прэзыдэнта. Да месца падзей, як паведаміў праект «Эхо Кавказа», працягваюць прыбываюць людзі, якія выступаюць супраць інвэстыцыйнага пагадненьня з Расеяй.
Паведамляюць таксама, што кіраўніцтва Абхазіі пакінула перад гэтым урадавыя рэзыдэнцыі.
Прэсавая служба лідэра непрызнанай рэспублікі Аслана Бжанія паведаміла, што ягоная адміністрацыя рыхтуе дакумэнт аб адкліканьні з разгляду ў парлямэнце законапраекту аб ратыфікацыі інвэстпагадненьня з Расеяй.
У той час удзельнікі ўжо выставілі новае патрабаваньне — аб адстаўцы Аслана Бжанія. Пратэстоўцы скандуюць: «Дэзэртэр».
Раней удзельнікі акцый пратэсту супраць расейска-абхаскага інвэстыцыйнага пагадненьня дабіліся вызваленьня сваіх актывістаў.
- Абхазія — самаабвешчаная дзяржава на тэрыторыі Грузіі. Яе незалежнасьць прызнаюць Расея, Нікарагуа, Вэнэсуэла, Науру і Сырыя. Пасьля збройнага канфлікту 2008 году, у якім Абхазію актыўна падтрымала Расея, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтай тэрыторыяй.
Форум