Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой. 17 актывістаў незалежных прафсаюзаў застаюцца за кратамі


Палітвязень Вацлаў Арэшка, архіўнае фота
Палітвязень Вацлаў Арэшка, архіўнае фота

Больш за 50 актывістаў незалежных прафсаюзаў і арганізатараў страйкамаў на прадпрыемствах затрымалі зь верасьня 2020 году.

Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», шмат хто зь іх за сваю дзейнасьць у абароне працоўных правоў зазнаў крымінальны перасьлед, 17 актывістаў застаюцца за кратамі, некаторыя зь іх у цяжкім стане здароўя.

За чатыры гады пасьля выбараў 2020 году і масавых пратэстаў у Беларусі зьнішчылі незалежны прафсаюзны рух.

«Лісты дапамагаюць пісаць іншыя зьняволеныя»

Сярод тых, за каго асабліва непакояцца сваякі і калегі па прафсаюзах, — актывіст прафсаюзу РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці) Вацлаў Арэшка.

Вацлаў Арэшка — адзін з самых узроставых палітычных вязьняў у Беларусі: у студзені будучага году яму споўніцца 70. За кратамі Вацлаў з 19 красавіка 2022 году. У той дзень адначасова былі арыштаваныя кіраўнікі і найбольш вядомыя актывісты беларускіх незалежных прафсаюзаў, сярод іх і палітоляг Вацлаў Арэшка. Амаль праз год, у студзені 2023-га, Вацлаў Арэшка быў асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сярод пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх асудзілі актывіста, быў артыкул 361-1 пра стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня» і ўдзел у ім. Гэткім фармаваньнем беларускія ўлады прызналі прафсаюз РЭП, як і іншыя незалежныя прафэсійныя аб’яднаньні.

Спачатку адбываць пакараньне Вацлава Арэшку адправілі ў калёнію № 17 у Шклове, а ў сьнежні 2023 году перавялі ў ПК-22, калёнію «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі.

Вядома, што ў калёніі Вацлаў Арэшка не працуе, часта зьвяртаецца па дапамогу да дактароў.

Сваячка актывіста, якая жыве за мяжой, паведаміла пра ягоны стан здароўя:

«На жаль, няма добрых навін аб здароўі. У яго расслаеньне сеткавіцы вока, катаракта і гляўкома. Пісаць дамоў яму цяпер дапамагаюць іншыя зьняволеныя, таму лісты ад яго напісаныя чужой рукой, а сам ён ня можа пацэліць у лінейкі. Лісты даходзяць, ёсьць званкі раз на некалькі тыдняў. Чым займаецца ў вольны час? У яго ёсьць павелічальнае шкло, і зь яго дапамогай ён спрабуе чытаць кнігі, якія бярэ ў бібліятэцы», — расказала сваячка палітвязьня Вацлава Арэшкі.

У канцы жніўня на волю па памілаваньні выйшаў лідэр прафсаюзу РЭП Васіль Берасьнеў, які мае ўзрост 74 гады і таксама, як і Вацлаў Арэшка, вялікія праблемы са здароўем.

Сваякі Вацлава Арэшкі кажуць, што разьлічвалі ўбачыць яго ў двух сьпісах памілаваных палітвязьняў, якія выйшлі волю з таго часу.

17 актывістаў за кратамі, 8 выйшлі на волю

Акрамя Арэшкі, за кратамі ў беларускіх вязьніцах застаюцца яшчэ 6 ягоных калег па незалежных прафсаюзах і 10 актывістаў рабочага руху, якія таксама зазналі рэпрэсіі за пэрыяд ад 2020 году.

Гэта Аляксандар Ярашук, Генадзь Фядыніч, Вольга Брыцікава, Андрэй Ханевіч, Арцём Жарнак, Аляксандар Кандрацюк, а таксама Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Уладзімер Жураўка, Аляксандар Капшуль, Ігар Мінц, Андрэй Пагерыла, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Сяргей Шэлест.

Паводле «Вясны», цалкам адбылі пакараньне і вызваліліся актывісты незалежнага прафсаюзнага руху былыя палітвязьні Сяргей Антусевіч, Ірына Бут-Гусаім і Зінаіда Міхнюк.

Васіль Берасьнеў выйшаў на волю паводле памілаваньня.

Адбылі «хатнюю хімію» актывісты Міхаіл Громаў, Аляксандар Мялешка, Галіна Сьмірнова і Сьвятлана Саковіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG