Ад імя дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў дачыненьнях зь Беларусьсю выступіла яе кіраўніца, дэпутатка ад Польшчы Малгажата Гасеўская, да яе далучыўся спэцдакладчык аб Беларусі Гэльмут Брандштатэр.
«Чатыры гады таму, 12 лістапада 2020 году, ад цяжкіх раненьняў, нанесеных беларускімі сілавікамі, пайшоў з жыцьця беларускі мастак Раман Бандарэнка. Ягоная сьмерць ніколі не расьсьледавалася, і вінаватыя ніколі не прыцягваліся да адказнасьці. З таго часу памерлі яшчэ як мінімум сем палітвязьняў — Мікола Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч, Дзьмітры Дудойць і 21-гадовы Дзьмітры Шлетгаўэр, які пайшоў з жыцьця 11 кастрычніка 2024 году».
У Эўрапарлямэнце згадалі, што ў памяць Рамана Бандарэнкі і «сотняў іншых мужных беларусаў, якія страцілі жыцьцё і свабоду, адстойваючы дэмакратычную спадчыну незалежнай беларускай дзяржавы», 12 лістапада адзначаецца як Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю.
«З гэтай нагоды мы яшчэ раз заяўляем пра нашу непахісную падтрымку і салідарнасьць з народам Беларусі ў яго імкненьні да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай будучыні сваёй радзімы, часткі эўрапейскай сям’і. Мы пацьвярджаем сваю рашучасьць умацоўваць сувязі зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі на чале са Сьвятланай Ціханоўскай у іх барацьбе за пераход Беларусі да дэмакратыі».
У Эўрапарлямэнце таксама заяаілі, што праз чатыры гады пасьля мірных пратэстаў 2020 году дэмакратычныя памкненьні людзей у Беларусі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і перасьледам, больш за 1300 апанэнтаў рэжыму застаюцца ў турмах, утрымліваюцца ў жахлівых умовах, бяз доступу да належнай мэдыцынскай дапамогі і зь сем’ямі, якія не ведаюць пра іх лёс.
«Паказальны факт, што сярод іх ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Некалькі вядомых апазыцыянэраў, такіх як Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Ігар Лосік, больш за год утрымліваюцца ў ізалятарах. Такім чынам, Рэспублікі Беларусь груба парушае абавязаньні міжнароднага права».
Эўрадэпутаты згадваюць, што паводле спэцдакладчыка ААН, Беларусь не выконвала рэкамэндацый праваабарончых органаў і мэханізмаў ААН, у прыватнасьці, адносна адвольных затрыманьняў, катаваньняў, права на свабоду выказваньня думак, мірных сходаў, аб’яднаньняў і ўдзелу ў вядзеньні грамадзкіх спраў. Не было і забесьпячэньня адказнасьці за грубыя парушэньні правоў чалавека.
Асобна ў публікацыі Эўрапарлямэнту адзначана, што «рэжым Лукашэнкі мае поўную падтрымку гэтай палітыкі з боку расейскага ўраду».
У сувязі з гэтым Эўрапарлямэнт «самым рашучым чынам асуджае сыстэматычны перасьлед палітычных апанэнтаў, арганізацый грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, праваабаронцаў і прафсаюзаў, які можа быць кваліфікаваны як злачынства супраць чалавечнасьці і карацца ў адпаведнасьці зь міжнародным правам і мэханізмамі, напрыклад, санкцыямі».
Заява эўрапейскага органу выйшла яшчэ перад сустрэчай Марыі Калесьнікавай зь ейным бацькам. Гэта адбылося пасьля 21 месяца ізаляцыі. Такім чынам рэжым Лукашэнкі паказаў, што палітычная зьняволеная жывая. Сустрэча адбылася ў турэмнай лякарні. У гэты ж час пра дзясяткі іншых палітзьняволеных нічога не вядома. Яны застаюцца ў рэжыме інкамунікада, пра іх нічога ня ведаюць нават сваякі.
Форум