Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога палітвязьня Чуркіна зноў судзяць, цяпер нібыта за «здраду дзяржаве»


Судовая заля ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота
Судовая заля ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота

14 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе пачынаюць судзіць магіляўчаніна Паўла Чуркіна, якога затрымалі праз падазрэньне ў супрацоўніцтве з вайсковай выведкай Украіны. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паўлу Чуркіну 37 гадоў, у 2021-м яго асудзілі за «абразу» Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу) на адзін год калёніі. Тое пакараньне Павал Чуркін адбыў цалкам і выйшаў на волю ў траўні 2022 году.

На пачатку красавіка 2024-га стала вядома, што Паўла затрымалі зноў. Цяпер яго падазраюць у супрацоўніцтве з Галоўнай управай выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле беларускіх сілавікоў, Чуркін з мэтай выведкі нібыта здымаў на відэа размяшчэньне ракетных установак «Іскандэр».

Цяпер палітвязьня абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), а таксама ў «падрыхтоўцы да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце» (ч. 1 арт. 361-3 КК). Максымальнае пакараньне за гэта — 15 гадоў зьняволеньня.

Працэс над Паўлам Чуркіным вядзе судзьдзя Павал Клімаў.

Паводле «Вясны», па стане на 6 лістапада 2024 году за «здраду дзяржаве» у Беларусі асудзілі мінімум 88 чалавек, зь іх 13 жанчын. Праваабаронцы адзначаюць, што лічба асуджаных паводле 356-га артыкулу КК імкліва расьце, на пачатку году яна была амаль удвая меншая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG