Пра гэта ў сваім Тэлеграм-канале піша кіраўнік НАУ Павал Латушка.
Ён адзначае, што праваабарончыя арганізацыі дадуць адпаведныя доказы і інфармацыю, сабраную ў падтрымку папярэдняга расьсьледаваньня, у Офіс Пракурора МКС і дзяржавам-удзельніцам МКС, а таксама пацьвярджаюць сваю гатоўнасьць аказваць падтрымку адносна такіх расьсьледаваньняў.
Падпісанты заклікаюць дзяржавы-удзельніцы МКС з заклікам далучыцца да звароту Літвы з просьбай аб расьсьледаваньні меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых Лукашэнкам і прадстаўнікамі яго рэжыму.
Адкрыты ліст да дзяржаў-удзельніц МКС аб падтрымцы звароту Літвы падпісалі арганізацыі:
- DIGNITY — Дацкі інстытут супраць катаваньняў,
- Эўрапейскі цэнтар па канстытуцыйных і правах чалавека (ECCHR),
- Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH),
- Human Constanta,
- Міжнародная плятформа па прыцягненьню вінаватых да адказнасьці па Беларусі (IAPB),
- Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI),
- Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі,
- Міжнароднае партнэрства за правы чалавека (IPHR),
- Міжнародная рада па рэабілітацыі ахвяраў катаваньняў (IRCT),
- Нарвескі Хельсінкскі камітэт,
- Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў (OMCT),
- REDRESS,
- Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Сотні тысяч грамадзян Беларусі былі вымушаныя бегчы ў Літву і ў іншыя дзяржавы з-за рэпрэсій і перасьледу. У сваёй справаздачы за сакавік 2024 года Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ацаніла, што каля 300 тысяч чалавек пакінулі Беларусь з 2020 году.
Праваабаронцы заклікаюць дзяржавы-ўдзельніцы МКС разгледзець усе даступныя меры для прыцягненьня да адказнасьці за злачынствы, учыненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі, сярод якіх адвольныя затрыманьні, палітычна матываваны перасьлед, несправядлівыя судовыя працэсы, незаконныя забойствы, сэксуалізаваны гвалт, катаваньні, прымусовая праца. Праваабаронцы заклікаюць дзяржавы праводзіць нацыянальныя расьсьледаваньні і перасьлед па прынцыпе ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, каб прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых у злачынствах, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі.
Форум