Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучынскі пра перамогу Трампа: «Падтрымка Беларусі двухпартыйная — і ад рэспубліканцаў, і ад дэмакратаў»


Дзяніс Кучынскі і Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Дзяніс Кучынскі і Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Дзяніс Кучынскі, дарадца Ціханоўскай у дыпляматычных пытаньнях, камэнтуючы перамогу Дональда Трампа на выбарах у ЗША, адзначыў, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі ёсьць і з боку рэспубліканцаў, і з боку дэмакратаў, і выказаў спадзяваньне на працяг супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з адміністрацыяй Трампа.

«Мы спадзяёмся, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі з боку ЗША працягнецца. Мы бачым на мінулых прыкладах нашай гісторыі супрацоўніцтва і калябарацыі, што падтрымка Беларусі двухпартыйная — і ад рэспубліканцаў, і ад дэмакратаў.

З гісторыі нашага супрацоўніцтва з рэспубліканцамі можна ўзгадаць, напрыклад, „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“ — яго распрацоўваў і цяпер распрацоўвае рэспубліканец Крыс Сьміт. У Кангрэсе ЗША створаныя кокусы, у якія таксама ўваходзяць рэспубліканцы — напрыклад, сэнатар Саліван, сэнатар Грэхам таксама нас падтрымлівае», — адзначыў Кучынскі.

Дарадца Ціханоўскай у дыпляматычных пытаньнях адзначыў, што падчас візытаў у Вашынгтон гэтым летам беларускія дэмакратычныя сілы «наладзілі працоўныя кантакты з атачэньнем Трампа».

«У прыватнасьці, я меў сустрэчу з дарадцам у нацыянальнай бясьпецы цяперашняга віцэ-прэзыдэнта Дж.Д. Вэнса. Здаецца, ёсьць агульнае разуменьне нашай сытуацыі ў Беларусі. Мы працягнем працаваць з гэтымі кантактамі ў Рэспубліканскай партыі, а таксама ў адміністрацыі Трампа», — сказаў Кучынскі.

Таксама ён нагадаў пра «беспрэцэдэнтны» Стратэгічны дыялёг паміж Злучанымі Штатамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, і выказаў спадзяваньне на працяг гэтай супрацы — і ў межах Стратэгічнага дыялёгу, і зь Дзярждэпартамэнтам ЗША, і зь Белым домам.

«Спадзяёмся, што беларускае пытаньне ня сыдзе з парадку дня. Але галоўнае зноў жа — як зрабіць Беларусь больш рэлевантнай, як зрабіць беларускае пытаньне больш актуальным для амэрыканскіх палітыкаў, для Белага дома, для Дзярждэпартамэнту. Будзем спадзявацца, што палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі будзе заставацца прынцыповай і нейкіх вялікіх зьменаў, асабліва ў нэгатыўны бок, мы не адчуем», — сказаў Кучынскі.

Адказваючы на пытаньне аб працягу працы па вызваленьні беларускіх палітзьняволеных, Кучынскі адзначыў, што пры адміністрацыі Трампа адбыліся першыя сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай з чыноўнікамі зь Дзярждэпартамэнту, у прыватнасьці — з тагачасным намесьнікам дзяржсакратара ЗША Стывэнам Біганам, бо падчас пратэстаў 2020 году ў Беларусі «якраз была адміністрацыя Трампа».

«Наконт палітвязьняў: безумоўна, пры любой адміністрацыі — і дэмакратаў, і рэспубліканцаў — пытаньне палітвязьняў павінна быць на парадку дня і мы павінны шукаць шляхі да іх вызваленьня», — падкрэсьліў Кучынскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG