Прынятыя паводле пастановы № 229 ад 2 ліпеня 2024 году зьмены тычацца калёній-пасяленьняў. Найбольш істотныя з гэтых зьменаў — пра абсталяваньне ШЫЗА на тэрыторыі такіх установаў і абавязкі асуджаных. Дакумэнт апублікавалі на Pravo.by 2 лістапада 2024 году.
У ШЫЗА будуць мэталічныя дзьверы
Штрафны ізалятар (ШЫЗА) прадугледжваўся на тэрыторыі калёніі-пасяленьня і ранейшымі правіламі. Згодна зь імі, ШЫЗА абсталёўваўся камэрамі з разьліку 5% ад «ліміту напаўненьня калёніі». Але разьмяшчацца ШЫЗА магло і ў будынку, асобным ад таго, дзе знаходзіцца ахова зь міліцыятаў. У новай пастанове мяркуецца, што «ШЫЗА, як правіла, разьмяшчаецца ў будынку ўстановы, у якой разьмешчана памяшканьне дзяжурнай службы».
Яшчэ адно новаўвядзеньне — абавязковае абсталяваньне ўваходу ў ШЫЗА на ўзор папраўчай калёніі закрытага тыпу.
«Уваход у ШЫЗА абсталёўваецца мэталічнымі дзвярыма з назіральнай аптычнай адтулінай і замком спэцыяльнага тыпу, які выключае доступ асуджаных да паста ШЫЗА», — так будзе цяпер запісана ў правілах унутранага распарадку калёніі-пасяленьня.
Не пакідаць аб’екту ў працоўны час
Зьмены ўносяцца і ў пункт 33 правілаў, дзе вядзецца аб перасоўваньні асуджаных без канвою або суправаджэньня. Дэталёва расьпісаныя абавязкі асуджаных і тое, што парушаць нельга.
«Знаходзячыся за межамі ўстановы, асуджаныя, якім дадзена права перамяшчэньня без канвою або суправаджэньня, абавязаныя: трымацца маршруту, часу перамяшчэньня і не парушаць грамадзкага парадку; мець ахайны вонкавы выгляд, быць апранутымі адпаведна сэзону ў адзеньне вызначанага ўзору; своечасова вяртацца пасьля працы ў жылую зону і паведамляць аб зьяўленьні начальніку атраду (выхавальніку); па першым патрабаваньні работнікаў установы, вайскоўцаў, якія ажыццяўляюць ахову асуджаных і нагляд за імі, а таксама супрацоўнікаў органаў унутраных спраў паказваць пропуск. Здаваць пропуск пры вяртаньні ў жылую зону кантралёру (дзяжурнаму) КПП», — пазначана ў дапоўненым пункце 195-1.
Другое дапаўненьне, пункт 195-2, тычыцца непасрэднай забароны пэўных дзеяньняў для асуджаных.
«Асуджаныя, якім дадзена права перамяшчэньня без канвою або суправаджэньня, ня маюць права: выходзіць з жылой зоны ў ня вызначаны разнарадкай час; у працоўны час пакідаць аб’ект працы; прымаць для адпраўкі, перадачы лісты і іншыя прадметы, а таксама выконваць іншыя просьбы (даручэньні) асуджаных і іншых асоб; перадаваць пропуск іншым асобам; наведваць крамы, арганізацыі, установы, кватэры прыватных асоб без дазволу адміністрацыі ўстановы; наладжваць знаёмствы і сувязі са староньнімі асобамі».
Што такое калёнія-пасяленьне
Паводле артыкулу 122 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, у краіне існуе асобны від пакараньня — «у выглядзе пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня».
Да 2023 году ў Беларусі было тры калёніі-пасяленьні — у Горках Магілёўскай вобласьці, у пасёлку Гезгалы пад Лідай у Горадзенскай вобласьці і ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці. Летась у верасьні Аляксандр Лукашэнка асобным указам стварыў яшчэ адну — жаночую калёнію-пасяленьне № 10 у Баранавічах.
Паводле Belarus Security Blog, у 2013 годзе тры калёніі-пасяленьні, што на той час дзейнічалі ў Беларусі, былі разьлічаныя на 700 месцаў. Інфармацыя пра тое, колькі цяпер асуджаных адбываюць пакараньне ў калёніях-пасяленьнях, закрытая.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» гэтак апісвае адрозьненьне калёніі-пасяленьня ад папраўчай калёніі закрытага тыпу:
«Калёнія-пасяленьне — папраўчая ўстанова зь мякчэйшым, чым у папраўчай калёніі, рэжымам утрыманьня. Людзей у іх утрымліваюць без аховы, але пад наглядам. Разьмешчана звычайна за межамі населенага пункту. Зьняволеныя знаходзяцца на самазабесьпячэньні, у кожнага свая ежа і посуд. Яны працуюць па-за калёніяй і атрымліваюць заробак. З дазволу адміністрацыі могуць свабодна перамяшчацца па-за межамі папраўчай установы і нават зьняць жыльлё і пасяліцца па-за калёніяй з жонкай або мужам».
Яшчэ аб правілах утрыманьня ў калёніях-пасяленьнях вядома, што асуджаныя ў іх «маюць пасьведчаньне асуджанага», але на руках ня маюць пашпартоў ды іншых дакумэнтаў; маюць грошы і могуць іх траціць самастойна, а таксама ў такіх асуджаных ёсьць права на пражываньне на тэрыторыі пасяленьня разам зь сям’ёй.
Паводле праваабаронцаў, «як правіла, у калёніях-пасяленьнях адбываюць пакараньне тыя, каго асудзілі за злачынства празь неасьцярожнасьць, у прыватнасьці за ДТЗ».
Форум