Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) Беларусі ўхваліла рашэньне аб рэгістрацыі яшчэ 3 ініцытыўных груп грамадзян для збору подпісаў выбарнікаў на падтрымку вылучэньня кандыдатаў.
На пасяджэньні 4 лістапада, якое трансьлявалі на афіцыйным сайце ЦВК, зарэгістравалі ініцыятыўныя групы:
- Ганны Канапацкай (дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VI скліканьня (2016–2019 гг.), экс-кандыдаткі на прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2020 году). Пры праверцы яе дакумэнтаў знайшлі шэраг памылак, зьвязаных зь неадпаведнымі пашпартнымі і пэрсанальнымі зьвесткамі сябраў ініцыятыўнай групы. Іх ЦВК прапанавала выключыць са складу групы. Такіх грамадзян больш за 100. Рашэньне аб рэгістрацыі падтрымалі аднагалосна.
- Сяргея Бобрыкава, былога начальніка Вайсковай акадэміі (з 2009 па 2016 год), генэрал-маёра, які цяпер узначальвае Рэспубліканскую раду грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз афіцэраў». У 2016 годзе быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дзе займаў пасаду намесьніка старшыні сталай камісіі нацыянальнай бясьпекі. Групу зарэгістравалі аднагалосна , але 16 чалавек выключылі зь яе складу празь неадпаведнасьць пашпартных зьвестак.
- Сяргея Сыранкова, лідэра праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. Групу зарэгістравалі аднагалосна, але 22 чалавек выключылі зь яе складу празь неадпаведнасьць пашпартных зьвестак.
У рэгістрацыі ініцыятыўных груп таксама аднагалосна адмовілі двум прэтэндэнтам:
- Дзіяне Кавалёвай, жыхарцы Магілёва. Раней яна была прадпрымальніцай і здавала жытло на содні, але ў 2021 годзе яе ІП закрылі з прычыны неажыцьцяўленьня дзейнасьці. Групу не зарэгістравалі, таму што датычна 30 з 114 прапанаваных сябраў ініцыятыўнай групы былі пазначаныя неадпаведныя пашпартныя зьвесткі. А для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы неабходна, каб у яе складзе было ня менш за 100 чалавек. Рашэньне ЦВК можна абскардзіць у Вярхоўным судзе Беларусі.
- Віктару Куляшу, доктару біялягічных навук, прафэсару катэдры экалёгіі чалавека на факультэце сацыякультурных камунікацый БДУ. Вучыўся на біялягічным факультэце БДУ, абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме «Біялягічныя асновы цеплаводнай аквакультуры прамысловых ракападобных». У рэгістрацыі групы яму адмовілі, таму што ён не падаў сьпіс сябраў ініцыятыўнай групы.
Раней ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка і Вольгі Чамаданавай. Яшчэ двум прэтэндэнтам, кіраўніку зьліквідаванага ўладамі Беларусі руху «За свабоду», экспэрту ў рэгіянальным разьвіцьці Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Юрыю Губарэвічу і Аляксандру Драздову, у рэгістрацыі адмовілі.
У Беларусі для правядзеньня выбараў 26 студзеня 2025 году ўжо фармуюць 153 тэрытарыяльныя камісіі: 6 абласных і Менскую гарадзкую, 118 раённых, 4 гарадзкія — у гарадах абласнога падпарадкаваньня, 24 раённыя ў гарадах.
Прадстаўнікоў апазыцыі ў камісіях, якія ўжо сфармавалі, няма, усе апазыцыйныя партыі і многія грамадзкія аб’яднаньні і незалежныя прафсаюзы ў Беларусі зьліквідаваныя, а многія іх лідэры і актывісты знаходзяцца ў турмах і за мяжой у вымушанай эміграцыі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум