Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочуць засьцерагчы мяне ад небясьпекі», — Лукашэнка пра вылучэньне іншых кандыдатаў на выбары


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для вылучэньня кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Алега Гайдукевіча, Вольгі Чамаданавай і Аляксандра Хіжняка, а таксама заяўкі ад іншых кандыдатаў. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

«Думаю, што за гэтым стаіць. Супраць жаночага прэзыдэнта жанчыны паставілі сваю альтэрнатыву — ужо, здаецца, зарэгістравалася ж там... Самы аракул і вястун палітыкі прэзыдэнта таксама выступіў (Гайдукевіч) супраць прэзыдэнта, ну, „ў альтэрнатыве“. Партыя працы і справядлівасьці свайго высунула і іншыя», — адзначыў Лукашэнка.

На думку Лукашэнкі, усе яны ідуць на выбары, таму што хочуць проста яго «засьцерагчы ад небясьпекі».

«Ну а як інакш я магу (гэта) расцаніць, асабліва вылучэньне жанчынамі сваіх кандыдатур? Я ўпэўнены, што яны проста хочуць мяне тут акружыць флянгамі і засьцерагчы ад небясьпекі. Ні больш, ні менш», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Вы ў небясьпецы?» — удакладніла ў адказ на яго заяву супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканалу. На гэта Лукашэнка адказаў: «Ды не, вы не хвалюйцеся» і дадаў: «Можа, яна недзе і ёсьць, але мы яе пакуль ня выявілі».

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі на пасяджэньні 31 кастрычніка зарэгістравала адразу тры ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 26 студзеня 2025 году:

  • Алега Гайдукевіча, кіраўніка праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі, намесьніка старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах;
  • Аляксандра Хіжняка, кіраўніка праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, дырэктара «БелНДІПгорадабудаўніцтва», дэпутата Менгарсавету;
  • Вольгі Чамаданавай, начальніцы галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму, старшыні Беларускага саюзу жанчын, былой прэс-сакратаркі МУС Беларусі.

Таксама ЦВК Беларусі 31 кастрычніка прыняла дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатамі ў прэзыдэнты ад:

  • Сяргея Бобрыкава, былога начальніка Вайсковай акадэміі (з 2009 па 2016 год), генэрал-маёра, які цяпер узначальвае Рэспубліканскую раду грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз афіцэраў». У 2016 годзе быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дзе займаў пасаду намесьніка старшыні сталай камісіі па нацыянальнай бясьпецы.
  • Ганны Канапацкай, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VI скліканьня (2016–2019 гг.), экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2020 году.
  • Дзіяны Кавалёвай, жыхаркі Магілёва. Раней яна была прадпрымальніцай і здавала жытло на содні, але ў 2021 годзе яе ІП закрылі з прычыны неажыцьцяўленьня дзейнасьці.
  • Сяргея Сыранкова, лідэра Камуністычнай партыі Беларусі.

Першай ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ двум прэтэндэнтам — кіраўніку зьліквідаванага ўладамі Беларусі руху «За свабоду», экспэрту па рэгіянальным разьвіцьці Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Юрыю Губарэвічу і Аляксандру Драздову — у рэгістрацыі адмовілі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG