«За апошні год сьвет стаў яшчэ больш небясьпечным», — сказаў Пэтэр Сіярта на міжнароднай канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы ў Менску 21 кастрычніка.
Ён пачаў свой выступ па-расейску, а потым перайшоў на ангельскую. «Будзем спадзявацца, што ў Брусэлі нас не асудзяць за дыскусію тут», — адзначыў вугорскі міністар.
Пэтэр Сіярта дадаў, што Вугоршчына мае ўласную пазыцыю, за якую яе крытыкуюць.
«Сёньня магутныя сілы працуюць на тым, каб стварыць гегемонію, і калі вы не прытрымліваецеся мэйнстрыму на 100 адсоткаў, то ваша права агучваць уласную пазыцыю імгненна аспрэчваецца і ставіцца пад сумнеў. Гэта вельмі дакладна паказвае нізкі ўровень стандартаў палітычных дэбатаў на сучасным этапе ў Эўропе», — сказаў ён.
«Ключавое слова сёньня — сувэрэнітэт. Мы, вугорцы, прытрымліваемся свайго сувэрэнітэту. Ёсьць некаторыя сілы за межамі нашай краіны, і ёсьць актары ўнутры нашай дзяржавы, якія хочуць, каб мы адмовіліся хоць ад часткі свайго сувэрэнітэту. Але гэтага не адбудзецца ніколі», — падкрэсьліў Сіярта.
Паводле яго, Вугоршчына перажывае «вялікую трывогу ў сувязі канфліктамі», таму прапануе патрымліваць сувязі і дыялёг дзеля іх вырашэньня. «Мы мусім ня спальваць масты, а ствараць сувязі. Замест спальваньня мастоў іх будаваць», — падкрэсьліў вугорскі міністар.
Паводле яго, вынікам адсутнасьці дыялёгу ў Эўразьвязе стала «менш бясьпечная і канкурэнтназдольная прастора».
«Калі мы не пабачым фундамэнтальных зьменаў у найбліжэйшы час, сьвет зноў будзе падзелены на блёкі. І для нас гэта начны кашмар, які грунтуецца на досьведзе, які ў нас быў», — дадаў ён.
«Калі мы не павернемся да прынцыпу дыялёгу і ўзаемнай павагі, то Эўропа стане больш небясьпечным месцам і страціць патэнцыял росту ў будучыні», — заявіў Пэтэр Сіярта.
Віцэ-прэм’ер Сэрбіі Аляксандар Вулін заявіў, што руйнаваньне міжнароднага права ў сьвеце пачалося з агрэсіі NATO супраць Югаславіі, якая адбылася «безь якой-небудзь згоды з боку ААН, бяз згоды якой-небудзь увогуле дзяржаўнай структуры». Паводле яго, усе праблемы ў бясьпецы справакавала пашырэньне Паўночнаатлянтычнага альянсу на Ўсход.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў аб неабходнасьці стварэньня шматпалярнага сьвету. Паводле яго, гэты працэс ужо пачаўся і ён мае беспаваротны характар.
Міністар замежных спраў Сырыі Басам аль-Сабаг заявіў, што ягоная краіна «цэніць імкненьне тых краін, якія хочуць стварыць новую сыстэму бясьпекі, што грунтуецца на прынцыпах роўнасьці і калектыўнай барацьбы з пагрозамі і небясьпекамі».
Сіярта рэгулярна наведвае Маскву і Менск
Апошні раз, калі ён быў у Расеі ў кастрычніку, Сіярта выступаў на форуме ў Санкт-Пецярбургу, арганізаваным расейскім дзяржаўным энэргетычным гігантам «Газпромам», каб абвясьціць, што «бясьпечныя і даступныя пастаўкі газу ў Вугоршчыну немагчымыя» без супрацоўніцтва з Расеяй, «незалежна ад таго, ці будзем гэта нам падабацца ці не».
У канцы траўня ён таксама ездзіў у Менск з візытам. Сіярта таксама стаў першым высокапастаўленым чыноўнікам з краіны Эўразьвязу, які наведаў Беларусь у 2023 годзе.
Форум