Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца суд над затрыманым на Палесьсі «дывэрсантам», якога абвінавацілі ў кантрабандзе


Затрыманыя грамадзяне Ўкраіны Сяргей і Павал Кабарчукі, архіўнае фота
Затрыманыя грамадзяне Ўкраіны Сяргей і Павал Кабарчукі, архіўнае фота

У лютым КДБ Беларусі заявіў пра затрыманьне ў Лельчыцкім раёне «ўдзельнікаў дывэрсійна-выведнай групы». «Дывэрсантамі» назвалі двух украінцаў і аднаго беларуса. Украінцаў пачалі судзіць па «тэрарыстычных» артыкулах у канцы верасьня, суд над беларусам пачынаецца 29 кастрычніка.

У лютым сілавікі затрымалі беларуса Віталя Ўласюка і грамадзян Украіны, бацьку і сына Сяргея і Паўла Кабарчукоў. Тады на іх завялі крымінальныя справы паводле арт. 13 і 289 («Падрыхтоўка да акту тэрарызму») і арт. 358-1 («Агентурная дзейнасьць») Крымінальнага кодэксу Беларусі. Дзяржаўнае выданьне «СБ. Беларусь сегодня» пісала, што крымінальная справа тычыцца і «памагатага» ўкраінцаў, беларуса Віталя Ўласюка.

З 26 верасьня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме разглядаў справу «дывэрсантаў», але на лаве падсудных апынуліся толькі Сяргей і Павал Кабарчукі. Іх абвінавачвалі паводле 4 крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»),
  • ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»),
  • ст. 358-1 («Агентурная дзейнасьць»),
  • ч. 3 арт. 333-1 («Незаконнае перамяшчэньне празь мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў»).

23 кастрычніка Сяргея і Паўла Кабарчукоў асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму кожнага, паведамляла БелТА. Таксама Кабарчукам прысудзілі па 28 тысяч беларускіх рублёў штрафу кожнаму (700 базавых велічынь).

Тым часам, як раней заўважыла «Люстэрка», 29 кастрычніка судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Дзьмітры Куроўскі мае пачаць разгляд крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 228 («Кантрабанда»). Сярод абвінавачаных значыцца Віталь Дзьмітрыевіч Уласюк.

Паводле базы зьвестак BelPol, у Беларусі ёсьць толькі адзін Віталь Дзьмітрыевіч Уласюк, і ягоны год нараджэньня і месца жыхарства (1970, Берасьце) супадаюць з інфармацыяй, агучанай КДБ адразу пасьля затрыманьня ў лютым «дывэрсійнай групы».

Разам з Уласюком у справе праходзяць Дар’я Сьвятлічная і Руслан Коціеў. Раней іх у СМІ ня згадвалі. Паводле зьвестак BelPol, Уласюк і Сьвятлічная раней працавалі ў адной кампаніі — ТАА «Стыль Фэшн Люкс». Яна вырабляе жаночае адзеньне ў Берасьці. Руслан Коціеў, хутчэй за ўсё, не грамадзянін Беларусі: паводле BelPol, у Беларусі няма чалавека з такімі ж дадзенымі, як у яго.

За кантрабанду ўсім траім пагражае ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Пра Віталя Ўласюка вядома, што нарадзіўся ён у 1970 годзе ў Туркмэністане. Жыве і прапісаны ў Берасьці, былы вайсковец, службу праходзіў у вайсковай частцы 65-263 у Баранавічах і ў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. З 2007 году працаваў у берасьцейскай аўташколе «Вялікая мядзьведзіца», пазьней у кампаніі «Рэджына Рэд» — вытворцы вопраткі зь Берасьця. У «Одноклассниках» Уласюк лайкаў пасты з падтрымкай Расеі ў вайне ва Ўкраіне, у 2015-м удзельнічаў у маршы «Несьмяротнага палка» ў Берасьцейскай крэпасьці.

  • 16 лютага КДБ Беларусі заявіў пра затрыманьне ў ноч з 14 на 15 лютага ў Лельчыцкім раёне «ўдзельнікаў дывэрсійна-выведнай групы, якая складаецца з грамадзян Украіны, Беларусі і іх памагатых».
  • У ведамстве сьцьвярджаюць, што ў затрыманых нібыта знайшлі выбуховыя прыстасаваньні і іншыя сродкі паражэньня. Праз гэта ў Лельчыцкім раёне ўводзілі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі, заявілі ў КДБ, хоць раней у Лельчыцкім райвыканкаме заявілі, што гэта «чарговыя вучэньні» сілавікоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG