Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міграцыйная палітыка стане больш жорсткай». Экспэрт пра перамогу сацыял-дэмакратаў на выбарах у Літве


Лідэрка сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце ў штабе пасьля заканчэньня галасаваньня, 27 кастрычніка 2024
Лідэрка сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце ў штабе пасьля заканчэньня галасаваньня, 27 кастрычніка 2024

27 кастрычніка прайшоў другі тур выбараў у Сейм Літвы, якім завяршылася выбарчая кампанія. Вынікі парлямэнцкіх выбараў на просьбу Свабоды пракамэнтаваў Вітаўтас Брувярыс, галоўны рэдактар літоўскага агенцтва навінаў ELTA.

«Сацыял-дэмакратычная хваля адбылася, але гэта было не цунамі. Перамога за сацыял-дэмакратамі, яны сфармуюць новы ўрад, але важна і тое, якой яны дасягнулі перавагі», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.

На думку экспэрта, насуперак некаторым прагнозам здаровы сэнс літоўскіх выбарнікаў перамог папулізм, які падаграваўся з Усходу.

«На шчасьце, памылковымі аказаліся прадказаньні, што сацыял-дэмакраты перамогуць зь велізарным адрывам. Не, перавага ў іх не такая ўжо і вялікая. У выніку сацыял-дэмакраты сфармуюць новую ўладную кааліцыю, якая ня будзе мець такой велізарнай перавагі, якую мелі кансэрватары ў папярэднюю кадэнцыю.

Новая кааліцыя ня будзе вельмі моцнай. Але ў яе ёсьць усе шанцы пратрымацца 4 гады да новых выбараў. Гэта лепш, што яны атрымалі 52 месцы, чым калі б набралі 30 месцаў ці 40. Затое цяпер пэрыяду вялікай турбулентнасьці я не прадбачу», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.

Экспэрт нагадаў вынікі дзьвюх іншых партыяў, якія ўтвораць праўладную кааліцыю з сацыял-дэмакратамі: гэта партыя «Ў імя Літвы», якая набрала на выбарах 14 месцаў, і «Зьвяз сялянаў і зялёных», які забясьпечыў сабе 8 месцаў. Агулам у кааліцыі атрымліваецца 74 месцы, што складае большасьць у Сейме, у якім 141 месца.

«Большасьць — 71 мандат. Нават ёсьць некалькі мандатаў у запасе. Але ўсё роўна праблемы ва ўзаемаадносінах у іх застануцца. Ёсьць яшчэ і другая праблема: вярнулася пытаньне аб прэм’ерстве Віліі Блінкявічуце, якая адкрыта ня кажа, што зойме гэтую пасаду. Але калі яна не ідзе ў прэм’еры, тады для сацыял-дэмакратаў адкрываецца вялікая праблема: любы, хто пагодзіцца на гэты пост, ня будзе моцным лідэрам. Дый яна пасьля такіх дзеяньняў і словаў, што мы бачылі і чулі, ня думаю, што ўзмацніла свой палітычны аўтарытэт.

Таму, калі падсумаваць, сытуацыя такая: ёсьць новае лідэрства — цяпер сацыял-дэмакратычнае, але гэтае лідэрства, як патрыманы аўтамабіль, ўжо пабітае. І другая выснова — гэта тое, што становішча ў кааліцыі можа кардынальна зьмяніцца», — падсумаваў Вітаўтас Брувярыс.

Адносна палітыкі новага ўраду што да вайны ва Ўкраіне і міграцыйнай праблемы Вітаўтас Брувярыс мяркуе, што яна пачне імкліва набліжацца да той, за якую выказваўся прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Пачнецца барацьба за тое, хто будзе кантраляваць Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны. Гэтак званае „старое крыло“ ў кіраўніцтве сацыял-дэмакратаў будзе настойваць, каб партыя атрымала над імі кантроль, але тут бачны і другі гулец — гэта прэзыдэнт і ягоная адміністрацыя, якія таксама маюць такія амбіцыі. У любым выпадку ўплыў на гэтыя ключавыя міністэрствы з боку адміністрацыі Гітанаса Наўседы павялічыцца, а значыць, павялічыцца і ўплыў на дзейнасьць Дэпартамэнту міграцыі.

Дастаткова паглядзець на ранейшую пазыцыю прэзыдэнта ў гэтым пытаньні, каб зразумець: міграцыйная палітыка стане больш жорсткай. Не выключаю, што ўсе захады, якія раней рабіў прэзыдэнт у гэтым кірунку, будуць рэалізаваныя», — лічыць Вітаўтас Брувярыс.

Што да зьменаў у стаўленьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, тут Вітаўтас Брувярыс істотных зьменаў не прадбачыць.

«Сумняваюся, што будзе нейкі адкат і вяртаньне да прапановаў аб зьмякчэньні стаўленьня да рэжыму Лукашэнкі. Што, маўляў, можна зь ім пагуляць і ў выніку дамагчыся, каб ён пайшоў насуперак Расеі, як калісьці пра гэта марылі ў адміністрацыі прэзыдэнта. Ужо не засталося такіх дурняў, якія б верылі ў рэальнасьць гэтых плянаў.

Мяркую, новы ўрад у гэтым пытаньні будзе арыентавацца найперш на агульную палітыку Эўразьвязу. Калі тут і будуць нейкія ваганьні з боку прэзыдэнта і сацыял-дэмакратаў, дык разам з гэтай агульнай лініяй Эўразьвязу», — лічыць галоўны рэдактар ELTA.

Карэспандэнт Свабоды нагадаў Вітаўтасу Брувярысу пра нядаўнія напады на будынкі, зьвязаныя з прысутнасьцю беларусаў у Вільні: пра кінуты «кактэйль Молатава» і зьняважлівы надпіс на будынку Беларускага дому, пра падобны надпіс і пабітае шкло ў краме беларускіх сувэніраў «Кропка» і іншыя выпадкі. Экспэрт мяркуе, што дзейнасьць літоўскіх спэцслужбаў, якія павінны знаходзіць і прыцягваць да адказнасьці вінаватых у такіх інцыдэнтах, ня стане слабейшай і ўрэшце прывядзе да вынікаў.

«Думаю, гэта адназначна працуюць расейскія ці беларускія спэцслужбы, бачны адзін почырк. Адносна таго, што нібыта пакуль няма выніку дзейнасьці нашых сілавікоў, дык усё ж, думаю, гэтак казаць рана. Ня думаю, што яны бязьдзейнічаюць. Але перакананы, што ў гэтай гісторыі павінна быць пастаўленая кропка, інакш такія інцыдэнты будуць працягвацца і ўзмацняцца.

Людзі, якія за гэтым стаяць, ужо пераходзяць да адкрытай тэрарыстычнай барацьбы: спрабуюць нацкаваць адных на адных, пасварыць літоўцаў і беларусаў і ўвогуле пасеяць у Літве паніку, адпомсьціць за падтрымку Ўкраіны. Новаму ўраду, на маю думку, трэба тэрмінова рабіць захады, каб адрэагаваць на гэтыя тэндэнцыі», — мяркуе галоўны рэдактар літоўскага агенцтва навінаў ELTA Вітаўтас Брувярыс.

27 кастрычніка ў Літве прайшоў другі тур выбараў у Сейм. Па выніках выбараў апазыцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя атрымала ў літоўскім парлямэнце 52 месцы з 141. Лідэр партыі Вілія Блінкявічуце заявіла, што паспрабуе сфармаваць кіроўную кааліцыю зь дзьвюма партыямі — «У імя Літвы», якая набрала на выбарах 14 месцаў, і «Зьвяз сялянаў і зялёных», якая атрымала 8 мандатаў.

Кіроўная кансэрватыўная партыя «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» атрымала ў літоўскім Сейме 28 месцаў. Лідэр кансэрватараў Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што пакіне пасаду старшыні партыі і адмовіцца ад мандата ў Сейме новага скліканьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG