27 кастрычніка ў Малдове прайшлі дэбаты паміж дваімі кандыдатамі на прэзыдэнта, які выйшлі ў другі тур галасаваньня — дзейнай прэзыдэнткай Маяй Санду і кандыдатам ад партыі сацыялістаў Аляксандрам Стаяноглу.
Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время», Мая Санду, якая перад выбарамі ў першым туры ігнаравала ўсе дэбаты, сярод іншага запытала свайго апанэнта, як ён зьбіраецца наладжваць дачыненьні з Украінай, бо «ўсе ведаюць, што ён чалавек Масквы», і як ён уяўляе дэмакратыю, пры якой існуе подкуп выбарнікаў.
Як прайшлі дэбаты
Нядзельныя дэбаты — першыя, у якіх удзельнічала дзейная прэзыдэнтка і кандыдатка на прэзыдэнта ад партыі «Дзеяньне і салідарнасьць» (PAS) Мая Санду. У першым туры яна адмаўлялася ад дэбатаў. Пазьней яна патлумачыла прычыну сваёй адмовы — ва ўмовах, калі «ня менш як палову кандыдатаў падтрымлівае злачынная групоўку [Ілана] Шора... немагчыма праводзіць сапраўдныя дэбаты, як гэта прынята на дэмакратычных выбарах».
Такую ж рыторыку яна выкарыстала і на дэбатах, якія яна адкрыла першай.
«Я хацела б весьці дэбаты з кандыдатам, зь якім сур’ёзна можна абмяркоўваць праблемы краіны, але гэта траянскі конь, пры дапамозе якога іншыя хочуць кіраваць краінай. Тыя, каго нам удалося выгнаць, знайшлі фасад, празь які хочуць кіраваць краінай. Грошы гэтай кампаніі ня [Ілана] Шора, [Вячаслава] Платона ці [Ігара] Дадона, яны зь іншага месца і скіраваныя на тое, каб нас разьяднаць. Выбар стаіць паміж разьвіцьцём і стагнацыяй, паміж адкрытасьцю і ізаляцыяй», — пачала Санду.
Кандыдат ад партыі сацыялістаў (ПСРМ), колішні генэральны пракурор Аляксандар Стаяноглу пачаў выступ з таго, што зьбіраецца рабіць на пасадзе прэзыдэнта: спыніць выезд грамадзян з Малдовы, пачаць эўрапейскую мадэрнізацыю краіны ва ўсіх важных сфэрах, забясьпечыць выкананьне правоў чалавека.
«Як чалавек, які ўдзельнічаў у перамовах аб бязьвізавым рэжыме з ЭЗ, я хачу сказаць, што межы застануцца адкрытымі, што ня будзе рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў», — сказаў ён.
Удзельнікі дэбатаў абмеркавалі і тэму прыднястроўскага ўрэгуляваньня. Стаяноглу запытаў, якім Санду бачыць статус Прыднястроўя ў складзе Малдовы. Санду адказала, што двум берагам Днястра ўдалося захаваць мір ва ўмовах напружанасьці ў рэгіёне, і гэта агульная заслуга.
«Мы хочам вырашыць канфлікт, але толькі мірным шляхам, і ўсё, што мы робім, робіцца для абодвух берагоў Днястра. З пачатку вайны ва Ўкраіне вялікая колькасьць жыхароў Прыднястроўя атрымала малдоўскія пашпарты, яны вераць у бясьпеку ў Малдове», — заявіла яна.
Стаяноглу зьвярнуў увагу на тое, што за час яе праўленьня не правялі ніводнай сустрэчы з прадстаўнікамі Прыднястроўя, а гатоўнасьць ісьці ў ЭЗ без Прыднястроўя можа быць раўназначнай страце сувэрэнітэту. «Хто ж тады рука Масквы?», — запытаў ён.
Мая Санду адказала, што «вынікі ня могуць вылічацца колькасьцю сустрэч, ёсьць іншыя крытэры. Краіна бачыла тых, хто часта сустракаўся, але не было ніякіх вынікаў».
Галасы для перамогі: адкуль кандыдаты могуць атрымаць падтрымку
Экспэрты мяркуюць, што Маі Санду будзе складана атрымаць дадатковую падтрымку, бо праэўрапейскія палітыкі ў першым туры паказалі нізкія вынікі: кандыдат ад блёку «Разам» Актавіян Цыку і незалежны кандыдат Андрэй Нэстасэ набралі менш за адзін адсотак галасоў.
У Аляксандра Стаяноглу прастора для пашырэньня электарату ёсьць. Так, за яго ўжо заклікалі галасаваць малдоўскія камуністы, кандыдат якіх атрымаў у першым туры 3,19% галосоў выбарнікаў.
Незалежная кандыдатка Ірына Ўлах, якая набрала 5,38% галасоў, пакуль не заклікала сваіх прыхільнікаў галасаваць за Стаяноглу, але сваю перадвыбарную праграму яна будавала на жорсткай крытыцы Санду, абвінавачваючы яе ва ўцягваньні Малдовы ў вайну.
Яшчэ адна кандыдатка, экс-пракурор Вікторыя Фуртун, якая набрала 4,45% галасоў і якая зьвязаная зь прарасейскім палітыкам Іланам Шорам, таксама пакуль ня выказалася на гэтую тэму.
Вырашальным фактарам у барацьбе за галасы можа стаць кандыдат, які заняў трэцяе месца з 13,79% галасоў, лідэр «Нашай партыі» Рэната Усатый. У 2016 годзе ён заклікаў галасаваць за Ігара Дадона, а ў 2020-м — супраць яго.
Яшчэ адным фактарам можа стаць мабілізацыя малдоўскай дыяспары за мяжой. У 2020-м менавіта мабілізацыя малдоўскіх грамадзян за мяжой дазволіла Маі Санду перамагчы Ігара Дадона.
Малдова пасьля выбараў
Аналітыкі мяркуюць, што ў выніку пройгрышу Маі Санду, Малдова можа апынуцца ў ізаляцыі.
«Да парлямэнцкіх выбараў (адбудуцца ў 2025 годзе), калі Санду прайграе, будзе палітычны крызіс паміж часткай выканаўчай улады — прэзыдэнтам, і другой часткай, прэм’ерам і парлямэнтам. Можа дайсьці да спробы імпічмэнту», — сказала палітоляг Аднжэла Калацкі. Нэгатыўныя наступствы гэтага адчуюць на сабе ўсе грамадзяне Малдовы.
Апроч таго, пройгрыш Санду можа істотна пахіснуць пазыцыі PAS на парлямэнцкіх выбарах.
«Простыя людзі любяць пераможцаў. Любая партыя, якая мае большасьць (гэта паліталягічны закон) праз чатыры гады страчвае частку падтрымкі: нікому не ўдаецца выканаць усе абяцаньні, частка электарату разчароўваецца і сыходзіць», — адзначыла Анджэла Калацкі.
Палітычны камэнтатар Аляксей Тульбурэ мяркуе, што каманда Стаяноглу — гэта вяртаньне ў мінулае, зь якога Малдова зь цяжкасьцю намагаецца выйсьці.
«Каманда і кандыдат, якія ідуць на замену Санду — гэта вяртаньне ў мінулае, зь якога мы з такой цяжкасьцю спрабуем выйсьці, невыразнасьць і некампэтэнтнасьць і відавочная арыентацыя на Расею. Як бы Стаяноглу ні аднекваўся, каманда, якая за ім стаіць, яго туды пацягне», — мяркуе Тулбурэ.
Паводле яго, найбліжэйшым часам партыі ўлады давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў, каб выправіць сытуацыю.
«Гэта павінна быць вырашальнае ачышчэньне сыстэмы правасудзьдзя ад людзей, якія сябе скампраметавалі, больш радыкальныя захады. Другая правальная тэма — эканоміка і няздольнасьць улады забясьпечыць годныя адсоткі эканамічнага росту, без чаго мы ня можам рухацца наперад. Гэта дае аргумэнты праціўнікам эўраінтэграцыі, бо людзі павінны адчуваць зьмены да лепшага», — падкрэсьліў экспэрт.
Паводле Аляксея Тулбурэ, перамога Аляксандра Стаяноглу можа стаць фактарам дэстабілізацыі на шляху інтэграцыі Малдовы ў Эўразьвяз.
- Другі тур выбараў прэзыдэнта Малдовы адбудзецца 3 лістапада.
- За некалькі дзён да першага туру ўлады Малдовы абвясьцілі пра арышт чатырох чалавек і папярэдзілі, што ў Расеі і на Балканах рыхтуюць дзясяткі грамадзян да «дэстабілізацыі» краіны пасьля галасаваньня.
- Расея, чые войскі застаюцца на тэрыторыі малдоўскага сэпаратысцкага рэгіёну Прыднястроўе, адмаўляе сваё ўмяшаньне ў цяперашнія выбары.
- У першым туры за Маю Санду прагаласавалі 42,49% выбарнікаў, а за Аляксандра Стаяноглу – 25,95%.
Форум