Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што Беларусь зьяўляецца залежнай ад Расеі, але супраца зь ёю ў фармаце так званай саюзнай дзяржавы павінна грунтавацца на прынцыпах сувэрэннай краіны.
«Маё жалезнае патрабаваньне, умова, як хочаце гэта называйце. Дзьве сувэрэнныя дзяржавы: Беларусь і велізарная Расея. Гэта непахісны закон нашага часу», — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму выданьню «Известия».
«Таму ўсялякія размовы аб тым, што імпэрыя там, сатэліт не сатэліт, што ўнутр Расеі ўступіць і гэтак далей. Устаньце на маё месца: вы б што, будучы прэзыдэнтам сувэрэннай, не кажу незалежнай, мы адзін ад аднаго залежым, сувэрэннай дзяржавы, якая ня мае межаў, не па сваёй віне стала сувэрэннай. Гэтую дзяржаву заўтра б зьнішчылі. Я на гэта пайсьці не магу і мяне ніхто на гэта не ўпаўнаважыў», — дадаў ён.
Паводле яго, нельга ставіць пытаньне аб уступленьні Беларусі ў склад Расеі.
«Гэта немагчыма і нельга рэалізаваць. Баюся нават сказаць, што гэта вайна», — папярэдзіў ён.
Аляксандар Лукашэнка таксама прызнаў, што супрацоўнічае з акупаванымі Расеяй украінскімі рэгіёнамі — Крымам, Данецкай і Луганскай вобласьцямі, а таксама факт перамоваў з прадстаўнікамі заходніх краін.
«Не скажу вам, што гэта былі за краіны, таму што мы дамовіліся, што гэтыя перамовы закрытага характару. Хоць некаторыя там, за мяжой, нешта адсачылі і пачынаюць „а, вось туды паляцеў самалёт, вунь там нехта паехаў“ і гэтак далей. Але мы гэтага не камэнтуем», — сказаў Лукашэнка.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.
- Рэжым Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэньня вайны Расеі супраць Украіны.
Форум