Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фокусы з часам. Як у Беларусі некалькі разоў пачыналі і кідалі пераводзіць гадзіньнікі і навошта гэта рабілася


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

27 кастрычніка ў краінах Эўразьвязу перавядуць гадзіньнікі на гадзіну назад і пяройдуць такім чынам на зімовы час. У Беларусі цяпер гадзіньнікаў не пераводзяць, але так было не заўжды. Расказваем, чаму ў шэрагу краін пераводзяць стрэлкі і як гэта было ў Беларусі.

«Зімовы час» пачне дзейнічаць у краінах Эўразьвязу і шэрагу іншых з 27 кастрычніка, гадзіньнікі перавядуць на гадзіну назад. Так у Беларусі зьявіцца або павялічыцца розьніца ў часе зь Літвой (1 гадзіна), Польшчай (2 гадзіны), Латвіяй (1 гадзіна), Эстоніяй (1 гадзіна), Украінай (1 гадзіна). З Масквой час застанецца той жа самы.

Партрэт Бэнджаміна Франкліна добра вядомы беларусам, яго можна пабачыць на банкноце ў 100 даляраў
Партрэт Бэнджаміна Франкліна добра вядомы беларусам, яго можна пабачыць на банкноце ў 100 даляраў

Адкуль усё пачалося

Лічыцца, што першым ідэю пераходу часу прапанаваў у красавіку 1784 году амэрыканскі пасланьнік у Парыжы, навуковец і вынаходнік Бэнджамін Франклін. Такую ідэю ён прапанаваў у сатырычным эсэ, прысьвечаным эканоміі на сьвечках.

Таксама ён прапаноўваў абкласьці падаткам аканіцы, а жыхароў Парыжа будзіць царкоўным звонам і гарматамі, бо першы час пасьля пераводу гадзіньнікаў ім будзе цяжка прачынацца.

Больш дакладную сыстэму зімовага і летняга часу прапанаваў у сваім артыкуле ў 1895 годзе новазэляндзкі энтамоляг Джордж Вэрнан Гадсан. Ён прапанаваў пераводзіць стрэлкі гадзіньнікаў на дзьве гадзіны для захаваньня сьветлага часу дня.

Яшчэ адна прапанова пераводзіць гадзіньнікі адпаведна даўжыні сьветлавога дня прыйшла ад англічаніна Ўільяма Ўілета ў 1907 годзе, ён выказаўся ў артыкуле «Аб растыражаваньні дзённага сьвятла». Канкрэтна Ўільям прапанаваў пераводзіць час на 20 хвілін наперад кожную нядзелю красавіка (агулам атрымлівалася 80 хвілін), а назад пераводзіць стрэлкі ў верасьні.

Першым горадам, які наважыўся на перавод гадзіньнікаў, стаў Порт-Артур у Канадзе, гэта адбылося ў 1908 годзе. Потым такі ж экспэрымэнт правялі ў канадзкім горадзе Арылія, дзе час пераводзіўся ў 1911-1912 гадах.

Першымі краінамі, якія скарысталіся ідэяй пераводу гадзіньнікаў, стала Нямеччына і яе саюзьнікі ў красавіку 1916 году, падчас Першай сусьветнай вайны. Гэта рабілася з мэтай зэканоміць вугаль падчас вайны. Ідэю пераняла Вялікая Брытанія, большасьць яе саюзьнікаў і многія эўрапейскія краіны. У 1917 годзе гадзіньнікі ўпершыню перавяла Расея, а ў 1918 годзе — ЗША.

Аднак пазьней некаторыя краіны адмовіліся ад такой практыкі. Большасьць эўрапейскіх краін рэгулярна пачалі пераводзіць стрэлкі гадзіньнікаў толькі ў 1970-х гадах.

Мапа часавых паясоў Беларусі і суседзяў
Мапа часавых паясоў Беларусі і суседзяў

А што ў Беларусі

У Беларусі да 1924 году кожны рэгіён жыў па сваім сонечным часе — ён вызначаўся мясцовымі ўладамі згодна са становішчам сонца. Таму, напрыклад, у Менску і Гомлі ён мог адрозьнівацца. У Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы (1919–1939) быў варшаўскі час.

У 1924 годзе ў БССР, як і ва ўсім СССР, увялі міжнародную сыстэму часавых паясоў. Так Беларусь пачала жыць паводле часу UTC+2 (усясьветны каардынаваны час + 2 гадзіны). Гадзіньнікі ў Менску для гэтага давялося перавесьці на 10 хвілін.

У чэрвені 1930 году гадзіньнікі ва ўсім СССР перавялі на гадзіну наперад супраць паяснога часу. Так у Беларусі сталі жыць па часе UTC+3. У часы нямецкай акупацыі Менск жыў паводле цэнтральнаэўрапейскага часу. А ў 1943 годзе гадзіньнікі пераводзіліся двойчы: у сакавіку на летні час, а ў кастрычніку на зімовы. Пасьля завяршэньня вайны зноў быў усталяваны час UTC+3.

З 1981-га па 1989 год у Беларусі пераводзілі гадзіньнікі двойчы на год: на летні і зімовы час адпаведна.

У 1990 годзе гадзіньнікі не пераводзілі, а ў 1991-м зноў пачалі пераводзіць, але ня так, як звычайна, бо адмянілі так званы «дэкрэтны час», уведзены ў 1930-м. Атрымліваецца, што гадзіньнікі не пераводзілі вясной таго году, але перавялі ўвосень на адну гадзіну назад.

Такім чынам, у 1991 годзе Беларусь вярнулася да «зімовага» часу UTC+2, які дзейнічаў з 1924 году. У 1992-м Беларусь пачала адставаць ад маскоўскага часу. З 1992 па 2011 год у Беларусі двойчы на год пераводзілі стрэлкі гадзіньнікаў: у сакавіку на летні час, а ў кастрычніку на зімовы. Гэта адпавядала ўсходнеэўрапейскаму часу. Узімку быў час UTC+2, а ўлетку UTC+3.

З восені 2011 году Беларусь адмовілася ад пераводу гадзіньнікаў цалкам і стала жыць па летнім часе UTC+3. Урад Беларусі прыняў такое рашэньне "«у мэтах поўнага выкарыстаньня сьветлага часу сутак, паляпшэньня ўмоў працы і адпачынку насельніцтва».

Пазьней ад пераводу стрэлак цалкам адмовіліся і ў Расеі, цяпер час у Менску і Маскве аднолькавы.

Сонечны гадзіньнік у Лідзе
Сонечны гадзіньнік у Лідзе

Перавод гадзіньнікаў: плюсы і мінусы

Пераход на зімовы і летні час адбываецца ў краінах Эўразьвязу, у большай частцы ЗША, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Новай Зэляндыі. Агулам 70 краін сьвету летась пераводзілі гадзіньнікі.

Ад пераводу стрэлак адмовіліся ў Беларусі, Расеі, Ісьляндыі, Кітаі, Паўднёвай Карэі, Індыі, Сінгапуры і шэрагу іншых краін.

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы Beroc Анастасіі Лузгіной, у пераходзе на зімовы ці летні час ёсьць як плюсы, так і мінусы. Адзін з важных момантаў, каб краіны, якія маюць цесную супрацу ў бізнэсе, сынхранізаваліся ў пераводзе часу.

«Сярод плюсаў пераходу на зімовы і летні час прыхільнікі называюць эканомію электрычнасьці, іншыя эканамічныя аспэкты. Людзі пазьней могуць уставаць, калі на вуліцы больш сьветла. Гэта ўплывае на самаадчуваньне і бізнэс-актыўнасьць. Таксама важна для бізнэсу, як паводзяць сябе краіны-партнэры. Калі б у Эўропе нейкая краіна не пераходзіла на зімовы і летні час, узьнікала б блытаніна. Калі гэта робіцца сынхронна, то тады не зрываецца праца», — кажа суразмоўца.

Што да Беларусі, то цяпер адзін зь вядучых партнэраў дзейных уладаў — Расея. Значыць, яны сынхранізуюцца з гэтай краінай у часе.

«Беларусь улічвае час у Расеі, тым больш цяпер, калі сувязі з краінамі, якія пераводзяць гадзіньнікі, моцна падарваныя», — зазначае эканамістка.

Цяпер найбольшая розьніца ў часе ў Беларусі з Амэрыканскім Самоа ў Ціхім Акіяне — 14 гадзін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG