Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі — парлямэнцкія выбары. Чаму яны важныя і што пра іх трэба ведаць?


Акцыя пратэсту ў Грузіі. Ілюстрацыйнае фота
Акцыя пратэсту ў Грузіі. Ілюстрацыйнае фота

26 кастрычніка грузіны накіруюцца на выбарчыя ўчасткі на парлямэнцкія выбары, якія ўсе бакі бачаць як паваротны момант у сучаснай гісторыі краіны. Напружаньне перад галасаваньнем высокае, і без надзейных апытаньняў вынік застаецца загадкай.

Кіроўная партыя «Грузінская мара» знаходзіцца ва ўладзе з 2012 году і дамагаецца яшчэ аднаго чатырохгадовага тэрміну. Яны вызначылі выбары як выбар паміж міром і вайной; асноўны пасыл іх кампаніі заключаецца ў тым, што калі апазыцыя прыйдзе да ўлады, яна ўцягне Грузію ў вайну з Расеяй, піша карэспандэнт Радыё Свабода з Тбілісі Джошуа Кучэра.

Расея супраць Захаду

Для апазыцыі галасаваньне зьяўляецца выбарам паміж Захадам і Расеяй, дэмакратыяй і аўтарытарызмам. Гэты пасыл падтрымалі прадстаўнікі ЗША і Эўропы.

«Гэтыя выбары будуць момантам ісьціны, і грузінскі народ павінен вырашыць, у якім кірунку ён хоча рухацца: да Эўропы ці ўбок ад яе, — сказаў кіраўнік замежнай палітыкі ЭЗ Жузэп Бурэль. — На коне будучыня краіны».

Адкат у дэмакратыі

Галасаваньне пройдзе пасьля асабліва неспакойнага пэрыяду нават паводле грузінскіх палітычных мерак.

«Грузінская мара» набыла ўсё больш антызаходнюю рыторыку і прыняла спрэчныя законы, якія яны апраўдваюць барацьбой з замежным уплывам у краіне.

Сярод іх законы, якія забараняюць «ЛГБТ-прапаганду», і патрабаваньні, каб НДА і мэдыя, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, рэгістраваліся як «іншаземныя агенты». Увядзеньне апошняга закону справакавала буйныя пратэсты вясной гэтага году.

Выклік апазыцыі

Галасаваньне пройдзе паводле новай выбарчай сыстэмы: партыі або кааліцыі мусяць набраць ня менш за 5 працэнтаў, каб трапіць у парлямэнт. Гэта падштурхнула шматлікія апазыцыйныя партыі да супрацоўніцтва, каб мець шанцы на пераадоленьне парогу. У выніку вылучыліся чатыры апазыцыйныя сілы, якія маюць рэальныя шанцы на посьпех:

  • «Адзінства дзеля ратаваньня Грузіі», кааліцыя, якую ўзначальвае былы кіроўны Аб’яднаны нацыянальны рух (АНР), які раней узначальваў зьняволены былы прэзыдэнт Міхэіл Саакашвілі;
  • «Кааліцыя дзеля зьмены», якая складаецца ў асноўным зь іншых дзеячаў, зьвязаных з АНР;
  • «Моцная Грузія», ідэалягічна разнастайная кааліцыя, якая спрабуе пазыцыянаваць сябе як альтэрнатыва АНР і «Грузінскай мары»;
  • «Дзеля Грузіі», партыя на чале з Гіёргіем Гахарыя, які быў прэм’ер-міністрам ад «Грузінскай мары» з 2019 па 2021 год, але потым разышоўся з партыяй.

Хоць гэтыя партыі выказваюць розныя перадвыбарныя абяцаньні, яны ў асноўным аб’яднаныя ў сваім галоўным прыярытэце — зрынуць «Грузінскую мару» і ў асноўным нацэльваюць крытыку на кіроўную партыю, а не адзін на аднаго.

Усе яны падпісалі Грузінскую хартыю, якую прапанавала прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі, у якой яны абяцаюць, у выпадку перамогі апазыцыі, дазволіць ёй сфармаваць тэхнакратычны ўрад, які адновіць добрыя адносіны з Захадам і адменіць найбольш аўтарытарныя законы, прынятыя «Грузінскай марай» напярэдадні кампаніі.

Зурабішвілі, тэрмін якой завяршаецца сёлета, была выбраная прэзыдэнтам у 2018 годзе як незалежны кандыдат, але яе падтрымлівала «Грузінская мара». З тых часоў яна дыстанцыявалася ад партыі.

Перавага кіроўнай партыі

Традыцыйна кіроўныя партыі ў Грузіі маюць выбарчую перавагу, бо могуць схіляць дзяржаўных службоўцаў і іхныя сем’і галасаваць за іх. Заходнія назіральнікі лічылі папярэднія грузінскія выбары неідэальнымі, але легітымнымі.

Аднак аўтарытарны паварот «Грузінскай мары» і асаблівая арыентацыя на выбарчыя маніторынгавыя групы як на «іншаземных агентаў» выклікалі страх, што гэтым разам можа быць больш прамых фальсыфікацый.

Лідэры «Грузінскай мары» заявілі, што іх мэта — атрымаць ня толькі большасьць, але і канстытуцыйную большасьць (113 з 150 месцаў), што дазволіць ім кіраваць больш аўтаномна. Яны паабяцалі, што з канстытуцыйнай большасьцю ўзмоцняць законы супраць ЛГБТ і забароняць усе буйныя апазыцыйныя партыі, абвінавачваючы іх у правакацыі вайны з Расеяй у 2008 годзе і спробах зноў уцягнуць краіну ў вайну.

З улікам высокіх ставак і няпэўнасьці вынікаў многія баяцца магчымых хваляваньняў пасьля выбараў. Упершыню Грузія будзе выкарыстоўваць новую электронную сыстэму падліку галасоў (з папяровай копіяй), і вынікі чакаюцца праз адну-дзве гадзіны пасьля закрыцьця выбарчых участкаў а 20-й гадзіне паводле мясцовага часу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG