Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць расейцаў, якія ўхваляюць Пуціна, хочуць рэчаў, «наўпрост супрацьлеглых» ягоным дзеяньням, — вынікі апытаньня


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Дасьледчы праект «Хронікі» правёў апытаньне ў Расеі і прыйшоў да высновы, што большасьць расейцаў, якія ўхваляюць дзеяньні Ўладзіміра Пуціна, жадаюць «рэчаў, наўпрост супрацьлеглых фактычным дзеяньням» прэзыдэнта Расеі, піша «Настоящее время». Дакумэнт з вынікамі апытаньня і высновамі праекту ёсьць у распараджэньні рэдакцыі.

Дасьледчыкі задалі рэспандэнтам пытаньне пра ўхваленьне дзейнасьці Ўладзіміра Пуціна ў фармулёўцы «Левада-Цэнтру», якое гучала так: «Вы ў цэлым ухваляеце ці не ўхваляеце дзейнасьць Уладзіміра Пуціна на пасадзе прэзыдэнта Расеі?»

Станоўча на гэтае пытаньне адказалі 78% апытаных.

Пры гэтым 83% з тых, хто агулам ухваляе дзейнасьць Пуціна, выступілі за тое, каб расейскі ўрад засяродзіў галоўныя намаганьні на ўнутраных сацыяльных і эканамічных праблемах Расеі, 61% — за заключэньне мірнай дамовы з Украінай з узаемнымі саступкамі, 43% — за аднаўленьне адносінаў з краінамі Захаду, і толькі 25% — за мабілізацыю мужчын для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

Сярод тых, хто не ўхваляе дзейнасьць Пуціна, мірную дамову з Украінай з узаемнымі саступкамі хочуць заключыць 79% апытаных, аднаўленьня адносінаў з краінамі Захаду чакаюць 90% рэспандэнтаў, засяроджваньня намаганьняў расейскага ўраду на ўнутраных сацыяльных і эканамічных праблемах — 92%, мабілізацыі мужчын на вайну з Украінай — 13%.

У тэлефонным апытаньні праекту «Хронікі», якое праводзілі з 10 па 17 верасьня 2024 году, узялі ўдзел 800 расейцаў, старэйшых за 18 гадоў, хібнасьць апытаньня складае 3,45%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG