Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі прыдумалі новы спосаб дэкамунізацыі помнікаў асобам савецкага часу


Рыская дума падтрымала ідэю расьпілаваць помнік пісьменьніку. Ілюстрацыйнае фота
Рыская дума падтрымала ідэю расьпілаваць помнік пісьменьніку. Ілюстрацыйнае фота

У сталіцы Латвіі хочуць расьпілаваць на дзьве часткі помнік латвійскаму пісьменьніку Андрэю Упіту і ўсталяваць яго ў раздвоеным выглядзе ў новым месцы.

Аўтар ідэі — скульптар і дэпутат Рыскай думы (заканадаўчы гарадзкі орган сталіцы Латвіі. — РС) Іварс Друлэ. Паводле яго, у такім выглядзе помнік будзе сымбалізаваць дваістасьць біяграфіі Упіта — ягоны станоўчы характар як пісьменьніка і адмоўны як чалавека, які супрацоўнічаў з савецкімі ўладамі.

Як паведаміла выданьне LSM, Рыская дума падтрымала гэтую ідэю, хоць сярод прадстаўнікоў мастацтва думкі падзяліліся.

Помнік латвійскаму пісьменьніку Андрэю Упіту ў Рызе, які хочуць расьпілаваць на дзьве часткі
Помнік латвійскаму пісьменьніку Андрэю Упіту ў Рызе, які хочуць расьпілаваць на дзьве часткі


Мастацтвазнаўца Вілніс Вэйш назваў ідэю вар’яцкай і прапанаваў спыніць абмеркаваньне і вярнуцца да яго, калі зьнізіцца накал эмоцый.

Скульптар і прафэсар Латвійскай акадэміі мастацтваў Глеб Панцялееў скрытыкаваў ідэю.

«Я прачытаў ідэю, але для мяне агрэсіўнае расьпілоўваньне напалам адразу асацыюецца зь сярэднявечнымі катаваньнямі. Асабліва гэта было распаўсюджана датычна гомасэксуалаў, таму што ў сярэднявеччы іх прывязвалі ўверх нагамі і расьпілоўвалі папалам уздоўж», — сказаў Глеб Панцялееў.

Дыскусія пра тое, што рабіць з гэтым помнікам, пачалася паўтара года таму пры абмеркаваньні дэмантажу іншых мэмарыялаў. Цяпер помнік Андрэю Упіту ў некалькі мэтраў вышынёй стаіць перад Домам кангрэсаў Рыгі, але гэтае памяшканьне будуць перабудоўваць пад канцэртную залю.

Прафэсар Акадэміі мастацтваў Андрыс Тэйкманіс выказаўся за стварэньне яшчэ аднаго твору мастацтва, які мог бы адлюстраваць дваістасьць асобы латвійскага пісьменьніка. Ён нагадаў, што помнік стварыў скульптар Альбэрт Тэрпілоўскіс і ён ахоўваецца законам аб аўтарскіх правах. Таму, паводле яго, такая трансфармацыя можа стаць юрыдычна магчымай, калі на яе пагодзяцца спадкаемцы аўтарскіх правоў скульптара.

Аўтар ідэі Іварс Друлэ пераконвае, што ягоную ідэю падтрымала спадкаемца аўтарскіх правоў на помнік, былая міністарка культуры Латвіі Карына Пэтэрсонэ. У інтэрвію Латвійскаму радыё яна гэта пацьвердзіла, але прызналася, што рашэньне было няпростае.

«Яны [яе дзядуля і Упіт] былі вельмі блізкімі сябрамі, іх палітычныя погляды моцна адрозьніваліся, але дзядуля шмат дапамагаў Андрэю Упіту пры жыцьці, выратаваў яго з турмы. Аднак калі майго дзеда Юлія Пэтэрсанса пасадзілі ў турму ў 1944 годзе і бабуля зьвярнулася да Андрэя Упіта, які ў той час быў уплывовым чалавекам, яе не пачулі», — сказала Карына Пэтэрсонэ.

«У мяне свой боль. Калі я праходзіла каля гэтага помніка, ён нагадваў мне гісторыю маёй сям’і, гісторыю Латвіі. Таму здаецца неабходным, каб ён там быў. Але і ідэя Іварса Друлэ аб падзеленым жыцьці мае шмат сэнсу», — дадала спадакаемца аўтарскіх правоў на помнік.

Латвійскі савецкі пісьменьнік — раманіст, паэт, драматург, сатырык і крытык Андрэй Упіт у 1943 годзе атрымаў званьне народнага пісьменьніка Латвійскай ССР, а ў 1946 годзе стаў уладальнікам сталінскай прэміі. Быў акадэмікам Акадэміі навук Латвійскай ССР, меў званьне Героя сацыялістычнай працы і шэраг савецкіх узнагарод.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG