Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разгойдваньне сытуацыі ў Літве яўна ў інтарэсах Расеі», — экспэрт пра вынікі выбараў у Сейм Літвы


Паседжаньне ў Сейме Літвы, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Паседжаньне ў Сейме Літвы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

13 кастрычніка ў Літве прайшоў першы тур парлямэнцкіх выбараў, на якім атрымала перамогу апазыцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя, якая набрала больш за 20% галасоў, на другім месцы апынулася кіроўная кансэрватыўная партыя — «Зьвяз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы» з 18% галасоў, а трэцяе месца заняла «Нёманская зара» з 15% выбарнікаў.

Праз два тыдні адбудзецца другі тур выбараў у мажарытарных акругах, па выніках якога будзе сфармаваны новы ўрад.

Верагоднасьць зьмены правячай кааліцыі і шанцы партый апынуцца ва ўрадзе Свабодзе ацаніў Вітаўтас Брувярыс, галоўны рэдактар літоўскага агенцтва навінаў ELTA.

— Спадар Брувярыс, напярэдадні выбараў вы прагназавалі посьпех сацыял-дэмакратаў, адставаньне кансэрватараў і пад’ём «Нёманскай зары». Гэтак і адбылося па выніках першага туру. А як вы ацэньваецце агульную сытуацыю пасьля выбараў: у выніку Літва выйграла ці перамагла?

— Ня толькі я, але і шмат хто з маіх калегаў прагназавалі, што цэнтар сілы з правага палітычнага флянгу будзе перамяшчацца на левы флянг — і гэта адбылося. У лідэрах апынулася Сацыял-дэмакратычная партыя, кансэрватары ім прайгралі няшмат, але яны другія, а трэцяя — «Нёманская зара», якую яшчэ нядаўна ніхто ня ведаў.

Дарэчы, пра кансэрватараў я меркаваў, што яны нядрэнна сябе пакажуць у адманандатных акругах, і гэта таксама адбылося. Але адна з правячых партый, «Партыя Свабоды», нават не прайшла 5-адсоткавы бар’ер і не праходзіць у Сейм. Праўда, партыя «Лібэральны рух» крыху нават дадала ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі, яна будзе мець у Сейме добрыя пазыцыі, але для кааліцыі кансэрватараў гэта ўсё роўна недастаткова. Іх адзіны шанец на тое, што на левым флангу будзе такі роскід галасоў, што ім там цяжка будзе прыйсьці да згоды. І ўсё ж кансэрватарам трэба набраць прыкладна 40 мандатаў, да гэтага яны імкнуцца, але думаю, столькі не атрымаюць. Ды нават каб і атрымалі, усё роўна цэнтар сілы будзе на левым флянзе.

— На вашу думку, ці будзе новая кааліцыя ўстойлівай? Бо шмат хто прагназуе ёй нядоўгае палітычнае жыцьцё.

— Яшчэ рана канчаткова нешта казаць, бо шмат што будзе вырашаць другі тур, калі пачнецца асноўная барацьба ў аднамандатных акругах. У сацыял-дэмакратаў, якія ўжо лідэры, ёсьць шанец яшчэ больш замацаваць цэнтар сілы вакол сябе. Яны ўжо абвясьцілі вуснамі свайго лідэра Віліі Блінкявічуце, што яны маюць пагадненьне аб кааліцыі з Дэмакратычным зьвязам «У імя Літвы» былога прэм’ера Саўлюса Сквярняліса. Але пакуль толькі зь імі, таму заховаецца інтрыга, хто яшчэ пойдзе да іх у кааліцыю.

Там ёсьць «Зьвяз сялян і зялёных», які, калі будзе блякаваць «Нёманскую зару», дык толькі «Лібэральны рух» і асобныя дэпутаты могуць да іх далучыцца. Але гэта ўсё. Калі «Нёманская зара» набярэ 30 галасоў, што цалкам магчыма, то яе вельмі цяжка будзе апярэдзіць. Тады мы атрымаем альбо ўрад меншасьці, альбо ўвогуле ня ўдасца сфармаваць урад і пачнецца пэрыяд безуладзьдзя. То бок я б ацаніў сытуацыю як вельмі напружаную і не да канца зразумелую. Але галоўны трэнд такі: пры любым раскладзе правячая кааліцыя, якая сфармуецца, будзе вельмі слабай, бо яе знутры будуць расцягваць тры розныя бакі, а партыі, якія ўтвораць новую кааліцыю, будуць перажываць крызісы лідэрства, змаганьні амбіцый ды іншыя працэсы, якія не ідуць на карысьць адзінству.

— Вы кажаце пра парадаксальны вынік: што людзі, якія хацелі перамен і галасавалі супраць кансэрватыўнай партыі і супраць уладнай кааліцыі, атрымаюць у выніку пэрыяд сумятні, нават пэрыяд ці некалькі пэрыядаў увогуле безуладзьдзя. А колькі часу, паводле вашага прагнозу, працягнецца палітычнае жыцьцё новай кааліцыі?

— Калі новая правячая кааліцыя будзе створаная, і нават з удзелам «Нёманскай зары», што дасьць колькасную перавагу мандатаў, усё роўна гэта будзе вельмі хісткая структура, якую будуць разьдзіраць знутры супярэчнасьці. Мяркую, такая кааліцыя ў выніку ўрадавага крызісу можа паваліцца ўжо праз год ці нават праз паўгода. Гэта самае небясьпечнае для нашай дзяржавы, бо мы бачым, якая палітычная зіма набліжаецца ў нашым рэгіёне праз вайну ва Украіне. Разгойдваньне сытуацыі яўна ў інтарэсах Расеі. Зразумела, мне як грамадзяніну Літвы хацелася б больш структурна ўстойлівай ўлады. Але, на жаль, такога ня будзе.

— Яўка першага туру была невялікай — усяго 52%. Гэта было на карысьць кансэрватараў? І якой, як вы думаеце, будзе яўка падчас другога туру?

— Традыцыйна ў Літве другі тур больш пасіўны, чым першы, і гэта на руку тым партыям, якія маюць электарат, лёгкі на мабілізацыю (як кансэрватары ў першую чаргу). Але ў кансэрватараў і самы вялікі адмоўны рэйтынг, таму заўсёды ў другім туры, калі ня іхная хваля, дык супраць іх аб’ядноўваюцца ўсе іншыя. І гэтак будзе цяпер зноў. Гэта, дарэчы, паказаў другі тур нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў, калі Інгрыдэ Шыманіце з разгромным лікам прайграла ў другім туры дзейнаму прэзыдэнту. Мяркую, тады большасьць тых, хто галасаваў за Наўседу, былі проста супраць кансэрватаркі Шыманіце. Цяпер колькасьць галасоў супраць кансэрватараў можа быць меншай, але тэндэнцыя, хутчэй за ўсё, захаваецца.

Другі тур выбараў у Сейм Літвы адбудзецца праз два тыдні, 27 кастрычніка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG