Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб не пэнсіянэры, не было б каму вучыць». Колькі сёньня зарабляюць настаўнікі і чаго ад іх патрабуюць у школах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Белстат рапартуе, што сярэдні заробак беларускага настаўніка — 1740 рублёў «чыстымі». Малады спэцыяліст прыходзіць на 700-800 рублёў. За апошнія тры гады колькасьць настаўнікаў у Беларусі скарацілася на 8,1 тысячы.

Зараз у школах Беларусі працуюць 103 300 настаўнікаў. На пачатак 2020/2021 навучальнага году іх было 111 400.

Найбольшае скарачэньне колькасьці выкладчыкаў (на 4,7 тысячы) — адбылося паміж 2020/2021 і 2021/2022 гадамі, калі ўлада пачала актыўна пазбаўляцца ад нязгодных з фальсыфікацыяй выбараў і ад тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах. У наступныя два навучальныя гады настаўнікаў у Беларусі паменшала адпаведна на 1,6 тысячы і на 1,8 тысячы.

«1700 чыстымі»

Паводле зьвестак Белстату, у студзені—жніўні заробак беларускіх настаўнікаў да вылічваньня падаткаў у сярэднім складаў 2022,3 рубля, або 1739,2 рубля «чыстымі». Гэта на 28% больш, чым было год таму.

Сярэдні ж заробак па краіне склаў у жніўні 2341,2 рубля.

Чыноўніца, якая працуе ва ўпраўленьні адукацыі аднаго зь невялікіх гарадоў, у размове са Свабодай гаворыць, што 1700 рублёў «чыстымі» для часткі настаўнікаў — гэта рэальныя лічбы. Але гэта калі настаўнік працуе на паўтары стаўкі.

«Калі ў пэдагога вялікі стаж, даплата за класнае кіраўніцтва, за праверку сшыткаў — на паўтары стаўкі ён можа зарабіць 1700 чыстымі. У настаўнікаў-прадметнікаў і больш выходзіць. Ну а маладыя спэцыялісты бяз досьведу, без катэгорыі прыходзяць на 700-800 рублёў. І, адпрацаваўшы абавязковае разьмеркаваньне, звальняюцца. Каб не настаўнікі-пэнсіянэры, зусім не было б каму вучыць», — кажа крыніца Свабоды.

«Дзень прызыўніка» ў Міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёна Менска. 16 сакавіка 2022
«Дзень прызыўніка» ў Міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёна Менска. 16 сакавіка 2022

«Фізыку выкладае 73-гадовая пэнсіянэрка»

Перад пачаткам новага навучальнага году ў агульнарэспубліканскай базе вакансій было 928 месцаў для настаўнікаў. 7 кастрычніка — каля 600.

Як патлумачыла Свабодзе дасьведчаная крыніца, гэта зусім не азначае, што за верасень у школы ўладкавалася на працу больш за 300 настаўнікаў.

«Проста многія пэдагогі пагаджаюцца працаваць на паўтары стаўкі. У даволі вялікай гарадзкой школе, дзе па тры паралелі ў кожнай клясе, толькі адна выкладчыца фізыкі. У яе „загрузка“ амаль на 2 стаўкі (32 урокі). Не ўяўляю, як яна вытрымлівае.

Яшчэ ў адной школе фізыку выкладае 73-гадовая пэнсіянэрка. Яна жыве ў прыгарадзе, два прыпынкі на электрычцы. Дык яна яшчэ падпрацоўвае ў сельскай школе, дзе зусім не было настаўніка фізыкі», — расказвае чыноўніца з упраўленьня адукацыі беларускага горада.

Настаўнікаў пачатковых клясаў шукае больш за сотня беларускіх школ. Да прыкладу, 24-я сталічная школа абяцае настаўніку з досьведам 3-6 гадоў «1200 рублёў на рукі». Сярэдняя школа № 61 (і яшчэ больш за тры дзясяткі сталічных школ) шукаюць настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (абяцаюць «чыстымі» 1500-1700 рублёў). Матэматыкам (у Менску 45 вакансій) і настаўнікам фізыкі і інфарматыкі абяцаюць прыкладна такія ж грошы. У рэгіёнах прапануюць яшчэ меншыя заробкі. Часьцяком фігуруе лічба 626 рублёў — і гэта праца на адну стаўку.

Некаторыя працадаўцы-наймальнікі выстаўляюць і адмысловыя патрабаваньні. Напрыклад, горадзенская СШ № 11 піша: «Катэгорыя і досьвед работы вітаюцца. Неабходна станоўчая характарыстыка з папярэдняга месца праца. Адсутнасьць правапарушэньняў, судзімасьці».

«Пачуцьцё патрыятызму і гонару»

Маладая спэцыялістка Аліна (імя ў мэтах бясьпекі зьмененае. — РС) прызнаецца, што самой ёй пашанцавала з настаўнікамі: яна вучылася ў элітнай спэцыялізаванай моўнай гімназіі, дзе была катэдра ангельскай мовы. Паступіла на бюджэт у Лінгвістычны ўнівэрсытэт на факультэт ангельскай мовы. Пасьля вучобы яе разьмеркавалі ў звычайную школу ў сталічным мікрараёне. Аліна кажа, што ў яе адразу ня склаліся адносіны з намесьніцай дырэктара ў вучэбнай працы: дзяўчына адмовілася ўзяць больш гадзін, чым адна стаўка. Адмовілася таксама ад кляснага кіраўніцтва, бо баялася, што ня справіцца. Завуч была вельмі незадаволеная.

«Яна мне адпомсьціла. Заняткі ў школе ў дзьве зьмены. Яна склала такі нязручны расклад! Урок — «фортка», наступны ўрок — пасьля дзьве «форткі». Школа «на выселках», выйсьці асабліва няма куды.

У кабінэце ніякай брытанскай атрыбутыкі. Мяне папярэдзілі, што цяпер ніякіх тэмаў кшталту «London is the capital of Great Britain». Была тэма «спорт» — хлопчыкі ў клясе запыталіся пра брытанскія футбольныя клюбы. Я паабяцала на наступным уроку расказаць: палову ночы ў сваіх сяброў-заўзятараў высьвятляла цікавінкі пра Manchester United, Chelsea, Arsenal. На ўрок прыйшла завучыха. Аказваецца, і гэтага нельга! Толькі пра беларускі спорт можна! Цяпер я павінна ўсе тэмы і пляны ўзгадняць з завучам. Нядаўна яна загадала правесьці так званы «web-квэст» пад назвай «My Motherland. My Belarus» і даслала «мэтадычку» з мэтамі, задачамі. Кшталту «неабходна выхоўваць пачуцьцё патрыятызму і гонару за сваю рэспубліку і народ па-ангельску», — кажа Аліна.

Першы заробак 780 рублёў

Маладая настаўніца таксама расказвае пра іншае назіраньне: акрамя запаўненьня табліц у кампутары, шмат папяровай працы — пляны, справаздачы, ведамасьці, у якіх яна пакуль ня вельмі разабралася. І шмат абавязковых мерапрыемстваў, акрамя ўрокаў.

«Мне здавалася, 1 верасьня і першая лінейка павінны быць сьвятам для дзяцей. На яе прыйшлі нейкія чыноўнікі з райана (раённае упраўленьне адукацыі. — РС). Дык дзяцей, аказваецца, „муштравалі“ апошні тыдзень жніўня, рэпэтавалі нейкую безгустоўную патрыятычную „речёвку“. Літаральна празь дзень у школе зьяўляюцца сілавікі — то пракуратура, то міліцыя, то АМАП — і праводзяць у розных клясах „інфармацыйныя гадзіны“ зь дзецьмі. Калі шчыра, ня так я ўяўляла сваю працу. Ня ведаю, колькі вытрымаю.

Першы заробак за верасень склаў 780 рублёў. Утрая менш, чым сярэдні па краіне. Добра, што я з бацькамі жыву», — прызнаецца маладая спэцыялістка, выкладчыца ангельскай мовы Аліна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG