Як заявіў начальнік упраўленьня Генпракуратуры Аляксандар Карповіч, на падставе «прадстаўленых доказаў» ведамства нібыта ўстанавіла дачыненьне «па-экстрэмісцку настроеных грамадзян, якія ўваходзяць у склад гэтага фармаваньня, да арганізацыі, плянаваньня, падрыхтоўкі і ўчыненьня актаў тэрарызму на тэрыторыі Беларусі».
У прэс-рэлізе Генпракуратуры сьцьвярджаецца, што полк Каліноўскага ажыцьцяўляў «вэрбаваньне, узбраеньне, навучаньне і выкарыстаньне тэрарыстаў», а таксама «фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці».
Згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі» (п.1 арт. 290-5) караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў са штрафам, удзел у «тэрарыстычнай арганізацыі» (п.2 арт. 290-5) — пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў са штрафам.
У палку Каліноўскага ў адказ на прызнаньне «тэрарыстычнай арганізацыяй» у Беларусі заявілі, што лічаць гэта «наступным крокам дыктатара, патрэбным дзеля магчымага пашырэньня вайны і дадатковага прызнаньня ляяльнасьці Маскве», і адзначылі, што Лукашэнка «гатовы на ўсё дзеля ўтрыманьня сваёй ўлады».
«У сваю чаргу полк імя Кастуся Каліноўскага вызнае рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным фармаваньнем, як і ўсіх датычных да гвалту і рэпрэсіяў супраць беларускага народу», — гаворыцца ў камэнтары прэс-службы палка Каліноўскага.
- 26 жніўня стала вядома, што заяву ў Вярхоўны суд аб прызнаньні палку Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй» падаў генпракурор Беларусі Андрэй Швед на прапанову КДБ.
- Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны, а 21 траўня ён быў трансфармаваны ў полк імя Кастуся Каліноўскага.
- У Беларусі па факце стварэньня палку Каліноўскага раней завялі крымінальную справу, яго прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуецца ўладамі.
Форум