Да «Дня народнага адзінства» 17 верасьня ў Беларусі апублікавалі выданьне «Беларусь адзіная». Кнігу выдала рэдакцыя часопіса «Дело (Восток + Запад)». Аўтары яе — краязнавец Уладзімер Ліхадзедаў і супрацоўніца нацыянальнага музэю Сьвятлана Харужык, навуковы кіраўнік — дэпутат парлямэнту Вячаслаў Даніловіч.
Як стала вядома Свабодзе, цяпер гэтую кнігу «прапаноўваюць» набыць арганізацыям і прадпрыемствам. Пра гэта расказала прадпрымальніца Вольга (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС), якая кіруе невялікай фірмай. Паводле яе, на працоўную скрынку кампаніі прыйшоў ліст, дзе рэдакцыя часопіса «прапануе закупку новага выданьня». У лісьце пазначана, што гэта трэба зрабіць «з мэтай правядзеньня ідэалягічнай працы». Таксама аўтар паведамленьня зазначае, што кніга створаная пры падтрымцы гранту Аляксандра Лукашэнкі і ўключаная ў «сьпіс сацыяльна значных выданьняў».
Выданьне «Беларусь адзіная» прысьвечана 85-й гадавіне ўзьяднаньня Заходняй Беларусі і БССР. Каштуе яна 125 рублёў, зь перасылкай — 145.
Прадпрымальніца Вольга расказвае, што ўспрыняла «прапанову закупіць» як абавязак.
«Тым больш тут „палохаюць“, што кніга — за грант Лукашэнкі і „сацыяльна значная“. У нас мала выбару», — кажа Вольга.
«Польская акупацыя»
Аўтар выданьня Ўладзімір Ліхадзедаў і ягоны навуковы кіраўнік Вячаслаў Даніловіч расказалі пра кнігу «Беларусь адзіная» ў перадачы на тэлеканале «Беларусь-1».
Зь іхных словаў стала вядома, што кніга выдадзеная накладам 2000 экзэмпляраў і гэты наклад «практычна ўвесь расьпісаны». Аўтары лічаць, што давядзецца друкаваць яшчэ тысячы асобнікаў, бо «попыт вялізны». У сваёй кнізе яны параўноўваюць жыцьцё беларусаў у БССР і ў складзе Польшчы ў міжваенны час. Усе параўнаньні — не на карысьць Заходняй Беларусі.
«У той час у БССР усё разьвівалася — сельская гаспадарка, прамысловасьць, адукацыя, культура, была моцная індустрыялізацыя. На гэты пэрыяд вылілі нэгатыў, напрыклад, пра рэпрэсіі. На самой жа справе быў вялізны рывок у разьвіцьці, менавіта тады вырасла пакаленьне сапраўдных патрыётаў, дзякуючы чаму была перамога ў вайне», — сьцьвярджае Ўладзіслаў Даніловіч.
Аўтары кнігі падкрэсьліваюць, што ў Заходняй Беларусі «закрываліся беларускія школы, нельга было размаўляць па-беларуску ў афіцыйных установах».
Да таго ж, як заўважае Ўладзімір Ліхадзедаў, «у Польшчы было шмат турмаў для беларусаў, Польшча хвалілася гэтымі турмамі, яны нават у 1928 годзе выдалі кнігу, дзе ганарыліся турмамі — у Ваўкавыску, Берасьці, Вільні, Бярозе Картускай».
Падзеі ў Заходняй Беларусі ў 20–30-я гады мінулага стагодзьдзя аўтары кнігі называюць «польскай акупацыяй».
«Польшча была нармальная краіна, але, прабачце, Крэсы — гэта быў нават не аграрны прыдатак. Невядома што, там не была разьвітая сельская гаспадарка, практычна не было прамысловасьці», — сьцьвярджаў у этэры «Беларусь-1» Уладзіслаў Даніловіч.
Па словах аўтараў выданьня «Беларусь адзіная», яно заслугоўвае самага шырокага распаўсюджваньня.
«Рубам паўстае пытаньне цаны»
Гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Алесь Пашкевіч у камэнтары Свабодзе сказаў, што міжваенная Польшча не была «краінай для жыцьця». Былі там і беднасьць, і неразьвітасьць прамысловасьці, нацыянальны прыгнёт і ўзурпацыя ўлады. Але іншая рэч, у якім кантэксьце гэта падаваць.
«Праблема ў тым, што звычайна ў дыскурсе рэжымных прапагандыстаў ня робіцца нават спробаў адасобіць тыя праблемы, якія існавалі ў жыцьці грамадзтва міжваеннай Заходняй Беларусі аб’ектыўна і якія немагчыма ці прынамсі складана было вырашыць хутка і без пабочных нэгатыўных сацыяльных наступстваў, ад тых, якія ўзьнікалі толькі праз памылковыя ці прынамсі спрэчныя дзеяньні польскіх уладаў», — тлумачыць гісторык.
Па лёгіцы прапагандыстаў, Заходняя Беларусь не была прамыслова разьвітая, бо былі кепскія польскія ўлады. Гісторык кажа, што і пры Расейскай імпэрыі гэта была найперш аграрная мясцовасьць. І ўвадначасьсе гэтую праблему немагчыма ўзяць і вырашыць, патрэбны вялікія капіталаўкладаньні.
«Паводле якой лёгікі польская буйная індустрыя павінна была стварацца перш за ўсё ў нестабільным рэгіёне, у непасрэднай блізкасьці ад мяжы з патэнцыйным ваенным праціўнікам? А СССР заўсёды так успрымаўся, і слушна», — зазначае Алесь Пашкевіч.
Ён кажа, што, калі паслухаць прапагандыстаў, то можа скласьціся ўражаньне, што польскія ўлады ледзь не сваёй галоўнай стратэгічнай задачай ставілі трымаць Заходнюю Беларусь у чорным целе і не даваць ёй разьвівацца.
«Наадварот, многія тагачасныя і палітыкі, і публіцысты, і навукоўцы публічна выказвалі думку, што ключ да ляяльнасьці насельніцтва „Крэсаў“, яго паўнавартаснай інтэграцыі ў польскае грамадзтва і пасьпяховай палянізацыі — у паляпшэньні эканамічнага становішча беларусаў, адчуваньні імі непасрэдных выгод ад жыцьця ў Польшчы», — зазначае гісторык.
Алесь Пашкевіч таксама нагадвае, што асноўныя будоўлі сацыялізму тады знаходзіліся не ў БССР, сапраўдным індустрыяльным цэнтрам Беларусь стала толькі пасьля вайны.
«Рубам паўстае пытаньне цаны ўсяго гэтага. Каб правесьці індустрыялізацыю, у СССР зламалі хрыбет вёсцы, выпампаваўшы зь яе ўсе рэсурсы. І пасьля на тых жа прадпрыемствах людзі працавалі часта ў цяжкіх працоўных і бытавых умовах», — падкрэсьлівае Алесь Пашкевіч.
«Зьверствы» палякаў, «белыя і пушыстыя» бальшавікі
Алесь Пашкевіч кажа, што ня хоча абяляць польскія ўлады міжваеннага пэрыяду. Але зьвяртае ўвагу, што і бальшавікі не былі «белыя і пушыстыя».
«Зусім не, пра бальшавіцкі рэвалюцыйны тэрор захавалася сьведчаньняў ніяк ня менш, прытым ён закладаўся ў самой бальшавіцкай ідэалёгіі. Таму кляйміць адных палякаў, хоць іншыя ўдзельнікі той вайны былі нічым ня лепшыя, — падыход чыста прапагандысцкі, бязьмерна далёкі ад аб’ектыўнасьці. Не было ў той вайне на нашай тэрыторыі месца асаблівай гуманнасьці. На жаль, усё было жорстка з усіх бакоў», — кажа Алесь Пашкевіч.
Па яго словах, сапраўды, «за Польшчай» у 30-я гады быў «жорсткі антыбеларускі накат». Але ў плюс польскім уладам гісторык ставіць тое, што, у адрозьненьне ад сталінскага СССР, тут нацыянальную інтэлігенцыю прынамсі не зьнішчалі фізычна.
«У лукашэнкаўскай Беларусі, у нібыта беларускай дзяржаве беларуская мова і культура знаходзяцца ў не нашмат лепшым стане, чым яны былі ў польскія часы. Іх месца толькі на задворках, а пануе не пальшчызна, а расейшчына, што абое рабое. Дый нацыянальная інтэлігенцыя зазнае адкрыты перасьлед, асабліва ў апошнія гады. Таму ўсе гэтыя цяжкія ўздыханьні па сытуацыі зь беларускай мовай, адукацыяй і культурай „за панскай Польшчай“ з вуснаў людзей, якія падтрымліваюць цяперашнія парадкі ў Беларусі, глядзяцца вельмі крывадушна», — выказаўся гісторык.
Форум