57-гадоваму мужчыну, які 8 ліпеня кінуў два «кактэйлі Молатава» ў каралеўскі палац у Осла, прысудзілі паўгода турмы, піша «Беларусь і сьвет» са спасылкай на Dagbladet.
Абвінавачаньне прасіла прызначыць 50-гадоваму беларусу 8 месяцаў пазбаўленьня волі. Пры вынясеньні прысуду акруговы суд Осла ўлічыў слабое здароўе мужчыны і тое, што ён перасоўваецца на інвалідным вазку.
Беларус растлумачыў суду, што дзейнічаў у роспачы: хацеў прыцягнуць увагу да несправядлівасьцяў, якім ён зазнаў, асабліва ў цэнтры прыёму ўцекачоў у Нідэрляндах. Ён адзначыў, што ня можа вярнуцца ва Ўкраіну, дзе жыў раней. Ён прызнаў сябе вінаватым, пагадзіўся з выракам і папрасіў прабачэньня ў жыхароў Осла і Нарвэгіі. Адзначыў, што не хацеў закрануць чые-небудзь пачуцьці.
8 ліпеня беларус на інвалідным вазку кінуў два «кактэйлі Молатава» ў будынак каралеўскай рэзыдэнцыі ў сталіцы Нарвэгіі. Яны пацэлілі ў дзьверы ў задняй частцы будынку. Ніхто не пацярпеў, агонь змаглі хутка патушыць.
Паводле інфармацыі нарвэскага выданьня, беларус прыехаў у Нарвэгію за тыдзень да здарэньня. Вядома, што мужчына знаходзіцца ў вышуку ў Нідэрляндах за іншае правапарушэньне.
Выданьне TV2 тады паведамляла, што беларуса раней дэпартавалі з Эўразьвязу, а таксама Нарвэгіі, Ісьляндыі, Швайцарыі і Ліхтэнштэйну з забаронай на ўезд на працягу 10 гадоў. Адпаведны дакумэнт апублікавала ў траўні 2024 году пракуратура Нідэрляндаў. Паводле адвакаткі, мужчына «хацеў прыехаць у краіну з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі», якая не зьяўляецца часткай ЭЗ, «зь якога ён хацеў выехаць», — так ён апынуўся ў Нарвэгіі. Адвакатка ня стала расказваць падрабязнасьці таго, як беларус трапіў у краіну.
Форум