Кандыдат на прэзыдэнта Вэнэсуэлы ад апазыцыі Эдмунда Гансалес заявіў, што яго прымусілі прызнаць перамогу Нікаляса Мадура на выбарах, каб ён мог зьвярнуцца па прытулак да ўладаў Гішпаніі.
Як паведаміла BBC, у сваім відэазвароце Гансалес сказаў, што памочнікі Мадура прымусілі яго падпісаць ліст, калі ён хаваўся ў амбасадзе Гішпаніі ў Каракасе.
«Былі вельмі напружаныя гадзіны прымусу, шантажу і ціску. Тады я памеркаваў, што ад мяне было б больш карысьці на волі, чым у турме», — сказаў Эдмунда Гансалес і назваў падпісаны ліст «нікчэмным».
Паводле яго, ліст прынесьлі памочнікі Мадура і наказалі яго «альбо падпісаць, або будуць наступствы».
Пасьля атрыманьня прытулку ў Гішпаніі Гансалес назваў сябе «абраным прэзыдэнтам мільёнаў і мільёнаў вэнэсуэльцаў, якія прагаласавалі за зьмены, дэмакратыю і мір», і паабяцаў «выканаць гэты мандат».
У той жа час Хорхэ Радрыгес, кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы і ключавы хаўрусьнік Мадура, сказаў, што Гансалес добраахвотна паставіў подпіс пад прызнаньнем перамогі свайго апанэнта.
Хорхэ Радрыгес прапанаваў апанэнту цягам 24 гадзін адмовіцца ад сваіх заяў, а калі гэтага не адбудзецца, то паабяцаў апублікаваць аўдыёзапіс размоў, якія зьняпраўдзяць ягоныя абвінавачаньні.
«Калі вы падпісалі пад ціскам, як атрымалася, што адна з вашых дачок дагэтуль жыве ў Вэнэсуэле мірна, са сваёй сям’ёй, як звычайныя вэнэсуэльцы? Вэнэсуэльцы могуць думаць так ці інакш, і ўсім ім ёсьць месца на тэрыторыі Баліварыянскай Рэспублікі Вэнэсуэла. Тут няма месца гвалту і фашызму», — заявіў Хорхэ Радрыгес.
Хаўрусьнік Мадура таксама прадэманстраваў здымкі меркаванай сустрэчы паміж ім, віцэ-прэзыдэнтам Дэлсі Радрыгесам і Эдмунда Гансалесам у амбасадзе Гішпаніі ў Каракасе напярэдадні ад’езду апазыцыйнага кандыдата на пачатку верасьня з Вэнэсуэлы.
Перад гэтым вэнэсуэльскі судзьдзя выдаў ордэр на арышт Эдмунда Гансалеса паводле абвінавачаньня ў змове і падробцы дакумэнтаў.
Паводле вынікаў, абвешчаных Нацыянальнай выбарчай радай Вэнэсуэлы (CNE), Нікаляс Мадура перамог на выбарах 28 ліпеня з 52% галасоў, за Гансалеса прагаласавалі 43%.
Аднак апазыцыя заявіла, што мае доказы перамогі свайго кандыдата з адрывам, і апублікавала падрабязныя вынікі галасаваньня, якія сьведчаць аб пераканаўчай перамозе Гансалеса з вынікам 70% падтрымкі.
ЗША, Эўразьвяз і большасьць замежных урадаў адмовіліся прызнаць Мадура пераможцам, але Каракас не апублікаваў падрабязных дадзеных галасаваньня дзеля пацьверджаньня выніку.
У канцы жніўня Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пацьвердзіў заявы Нікаляса Мадура пра ягоную перамогу на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах і афіцыйна абвясьціў яго пераможцам.
Пасьля выбараў у Вэнэсуэле пачаліся масавыя пратэсты.
Дзевяць дзяржаў Лацінскай Амэрыкі, сярод якіх Аргентына, Коста-Рыка, Панама, Парагвай, Эквадор, усумніліся ў перамозе Мадура, заклікалі перагледзець вынікі выбараў. ЗША назвалі пераможцам выбараў Эдмунда Гансалеса.
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін павіншавалі Нікаляса Мадура зь перамогай на выбарах.
Форум