Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, як рыхтавалі апэрацыю супраць «Хэзбалы» з выкарыстаньнем пэйджараў


Хуткая дапамога вязе ў шпіталь у Бэйруце чарговага параненага з больш як трох тысяч. 17 верасьня 2024. Фота REUTERS
Хуткая дапамога вязе ў шпіталь у Бэйруце чарговага параненага з больш як трох тысяч. 17 верасьня 2024. Фота REUTERS

17 верасьня па ўсёй тэрыторыі Лібану здэтанавалі тысячы пэйджараў, у выніку чаго загінулі дзевяць чалавек і амаль 3 тысячы атрымалі раненьні.

Выбухоўку ў пяць тысяч пэйджэраў заклала ізраільская служба замежнай выведкі «Масад» за некалькі месяцаў да выбуху, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы ў службе бясьпекі Лібану. Пяць тысяч пэйджараў, заказаных у тайваньскай кампаніі Gold Apollo, прывезьлі ў краіну ў пачатку 2024 году.

Аднак у тайваньскай кампаніі заявілі, што прылады, якія мелі іхны лягатып, распрацавала і зрабіла вугорская кампанія BAC паводле іх ліцэнзіі.

Высокапастаўленая крыніца службы бясьпекі Лібану ідэнтыфікавала мадэль пэйджара AP924, які, як і іншыя падобныя прылады, прымае і паказвае тэкставыя паведамленьні па бесправадной сувязі, але ня можа рабіць тэлефонных званкоў.

Баевікі «Хэзбалы» (групоўка прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ў некаторых краінах ЭЗ. — РС) выкарыстоўвалі гэтыя прылады, каб пазьбегнуць адсочваньня іхных перамяшчэньняў з боку Ізраілю.

У службе бясьпекі Лібану перакананыя, што ізраільская выведка ўмяшалася ў працэс мадыфікацыі пэйджараў яшчэ «на ўзроўні вытворчасьці».

«Масад увёў у прыладу плату з выбуховым рэчывам, які актывізуецца пры атрыманьні коду. Гэта вельмі цяжка выявіць любымі спосабамі, нават пры дапамозе сканэра», — працытавала агенцтва сваю крыніцу ў службе бясьпекі Лібану.

Паводле яе, 3000 пэйджараў выбухнулі, калі на іх адправілі закадаванае паведамленьне, якое адначасова актывавала выбухоўку. Імаверна, у кожным пэйджары магло знаходзіцца да трох грамаў выбуховага рэчыва, якія не маглі выявіць цягам некалькіх месяцаў.

Ізраільскія афіцыйныя асобы не адказалі на запыт Reuters аб камэнтары.

17 верасьня ў Бэйруце (Лібан) у выніку выбуху пэйджараў пацярпелі сотні чальцоў лібанскай узброенай групоўкі «Хэзбала», у тым ліку байцоў і мэдыкаў. Афіцыйны прадстаўнік «Хэзбалы», які гаварыў на ўмовах ананімнасьці, сказаў, што дэтанацыя пэйджараў стала «найбуйнейшым парушэньнем бясьпекі» за апошні год. У выніку дэтанацыі пэйджара пацярпеў таксама пасол Ірану ў Лібане Маджтаба Амані.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG