Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нізкая хуткасьць, дызайн 2011 году»: Як працуе новаствораны «свой YouTube» і якія праекты ў ІТ спрабавалі рабіць з падачы беларускіх уладаў


Каляж Свабоды
Каляж Свабоды

Новы сэрвіс videobel.by павольна загружаецца, спэцыялісты называюць яго танным прадуктам. Свабода ўспомніла іншыя ініцыятывы ў імпартазамяшчэньні сусьветнавядомых праектаў ад беларускіх уладаў і чыноўнікаў.

12 верасьня ў Беларусі запусьцілі партал videobel.by, які беларускія чыноўнікі назвалі «аналягам YouTube». На гэтым партале сабраныя праграмы беларускіх дзяржаўных мэдыя: каналаў «Беларусь-1», АНТ, БелТА, СТВ, РТР-Беларусь, «СБ. Беларусь сегодня» і «Мір». Паставіць падабайку, пракамэнтаваць ці загрузіць сваё відэа на плятформе нельга, у адрозьненьне ад YouTube.

Па словах генэральнай дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч, такі сэрвіс патрэбен, бо замежны хостынг пераўтварыўся ў «міннае поле».

«Нас выразаюць з Facebook, TikTok, у любы момант могуць перакрыць нашы YouTube-каналы. Мы не кантралюем гэтай прасторы», — патлумачыла Акуловіч.

Колькі плянавалі патраціць на праект

Тэндэры, якія тычацца распрацоўкі парталу videobel.by, прыбралі з публічнага доступу. Паводле інфармацыі супольнасьці «Кібэрпартызаны», за распрацоўку праекту канкуравалі дзьве кампаніі: А1 і «ИнДев Солюшенс».

Першапачаткова супрацоўнікі А1 ацэньвалі неабходныя затраты ў 600-700 тысяч даляраў. Аднак яны істотна вырасьлі. Супрацоўнікі БелТА ацэньвалі праект у 1,5-2 мільёна даляраў на першы год запуску плятформы і 1 мільён штогод для падтрымкі.

Па зьвестках «Кібэрпартызанаў», распрацоўнікі разьлічвалі на наведвальнасьць рэсурсу ня больш за 3000 адначасовых падлучэньняў у першы год працы. На другі год меркавалася ня больш за 20 тысяч адначасовых падлучэньняў і да 50 тысяч — у час грамадзка значных падзей. Хто ў выніку распрацоўваў партал і колькі ён каштаваў, не паведамляецца.

Парк высокіх тэхналёгій у Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Парк высокіх тэхналёгій у Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Што кажуць спэцыялісты

Свабода на ўмовах ананімнасьці абмеркавала партал videobel.by зь некалькімі спэцыялістамі, які займаюцца распрацоўкай сайтаў. Адзін зь іх агучыў хібы праекту: нізкая хуткасьць працы, відэаплэер не рабілі самі, а паставілі гатовы плагін, сайт ня вытрымае вялікай нагрузкі.

Паводле суразмоўцы, «такі праект студэнты могуць зрабіць за пару тысяч даляраў ці нейкая кампанія за 20-30 тысяч. Пра мільёны і гаворкі няма. Дызайн 2011 году».

У некаторых карыстальнікаў відэа на сайце не прайграецца з замежных IP-адрасоў, у некаторых браўзэрах ролікі адкрываюцца нязручна, у форме доўгай паласы.

Другі суразмоўца таксама зьвярнуў увагу на састарэлы дызайн новага парталу.

«Вельмі просты, можа нават прымітыўны дызайн. Мне здаецца, 5-7 гадоў таму такія прыклады дызайну ўжо лічыліся састарэлымі. Прапануюць спампаваць аплікацыю і пішуць, што іхная аплікацыя існуе толькі пад Android. Прычым у плэй-маркеце гэтай праграмы няма. І запампаваць яе прапаноўваюць файлам проста зь іхнага сайту. Што зноў-такі так сабе. Бо невядома, што ў тым файле зьмяшчаецца», — зазначае спэцыяліст.

Таксама на сайце адсутнічаюць беларуская і ангельская мовы, ёсьць толькі расейская, няма інфармацыі пра распрацоўнікаў.

Свой Windows і офісны пакет

Беларускія ўлады ня першы раз заяўляюць аб рэалізацыі машстабных праектаў у пляне распрацоўкі праграмнага зябесьпячэньня і новых тэхналёгій. Сёлета 22 красавіка міністар сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган падзяліўся плянамі пра стварэньне ўласнай апэрацыйнай сыстэмы, браўзэра і офіснага пакета.

Канстанцін Шульган
Канстанцін Шульган

«Наяўнасьць уласнага сыстэмнага праграмнага забесьпячэньня дае магчымасьць быць незалежнымі ад імпартных рашэньняў і ўпэўненымі ў магчымасьці яго самастойнага разьвіцьця (мадыфікацыі) пад патрэбы нашай эканомікі», — сказаў тады міністар.

У 2005 годзе намесьнік сустаршыняў аргкамітэту V Міжнароднага кангрэсу «Электронная садружнасьць. Парк высокіх тэхналёгій. Бясьпечныя тэлематычныя праграмы», гендырэктар Нацыянальнага цэнтру інфармацыйных рэсурсаў і тэхналёгій НАН Беларусі Міхаіл Маханёк ужо анансаваў свой Windows. Праз год пасьля гэтай заявы будучай беларускай апэрацыйнай сыстэме далі імя — «БелОС».

Нібыта яе распрацоўваньнем займаліся праграмісты зь Менску і Берасьця. Сьлядоў гэтай апэрацыйнай сыстэмы пакуль няма. А аўтара заявы Міхаіла Маханька ў 2011 годзе прызначылі кіраўніком галоўнага офісу Microsoft у Беларусі.

Свае google maps

У жніўні 2011 году тагачасны дырэктар Нацыянальнай агенцыі турызму Вячаслаў Чарноў абяцаў стварыць сэрвіс онлайн-навігацыі па турыстычных аб’ектах. Гэта мусіла быць віртуальная мапа з інфармацыяй пра некалькі тысяч аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры. Таксама, паводле задумкі, мапа мусіла пракладаць маршрут да патрэбнага аб’екта. Падобны сэрвіс так і не зьявіўся, ва ўсялякім разе шырока пра яго не вядома.

Свой Starlink і Euronews

У кастрычніку 2023 году Лукашэнку паказалі сыстэму сувязі, «якая працуе паводле прынцыпу Starlink». Starlink — гэта глябальная спадарожнікавая сыстэма кампаніі SpaceX для забесьпячэньня хуткасным шырокапалосным інтэрнэтам. У гэтай сыстэмы на арбіце звыш 5000 спадарожнікаў.

У Беларусі ёсьць адзін уласны спадарожнік, які здольны ўсталёўваць інтэрнэт-злучэньне. Гэта «Белінтэрсат-1». Спадарожнік зрабілі ў Кітаі, але пастаўшчык асноўнай апаратуры — француска-італьянскі канцэрн Thales Alenia Space.

Гэта даволі старая тэхналёгія, якую прэзэнтавалі ў 2018 годзе. Арбіта такога спадарожніка геастацыянарная, гэта значыць, ён пастаянна «глядзіць» на адзін пункт на Зямлі, а сыгналы ад яго могуць прыходзіць з затрымкай.

У сьнежні 2020 году Лукашэнка загаварыў пра стварэньне беларускага аналягу Euronews.

«Я ведаю вашы праблемы. Вы іх даўно агучвалі. І аб мэдыявымяральніку, і аб мэдыяцэнтры, і аб тым, што мы павінны стварыць мабільны канал кшталту Euronews і іншых, якія вельмі коратка і даступна (тым ня менш, і аналітыка ў іх ёсць) выдаюць інфармацыю», — сказаў тады Лукашэнка.

А ў красавіку 2021 году ў Беларусі адключылі вяшчаньне Euronews, эўрапейскага інфармацыйнага каналу, які вядзе трансьляцыю на 13 мовах дзень і ноч. Свайго аналягу так і не зьявілася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG